Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота

Пантыфік: клопат аб экасістэмах патрабуе погляду ў будучыню

Папа скіраваў ліст да Прэзідэнта Калумбіі Івана Дуке Маркеса з нагоды Сусветнага дня навакольнага асяроддзя, які адзначаецца 5 чэрвеня. Урачыстасці на міжнародным узроўні павінны былі прайсці ў Багаце.

У сувязі з пандэміяй святкаванне адбылося ў фармаце відэаканферэнцыі. “Гэта цяжкая сітуацыя нагадвае нам пра тое, што перад абліччам бедстваў заўсёды адкрываюцца новыя шляхі, каб мы маглі аб’яднацца ў вялікую чалавечую сям’ю”, - заўважыў Папа.

Францішак падкрэсліў, што “абарона навакольнага асяроддзя і павага да біяразнастайнасці планеты – гэта праблемы, якія закранаюць усіх нас”. “Мы не можам прэтэндаваць на тое, каб заставацца здаровымі ў хворым свеце. Раны, якія былі нанесены нашай Маці-Зямлі, краваточаць і ў нас. Клопат аб экасістэмах патрабуе погляду ў будучыню, які звязаны не толькі з актуальным момантам ці пошукам хуткага і лёгкага прыбытку, але з клопатам аб жыцці і яго захаваннем дзеля дабра ўсіх”, - напісаў ён.

Пантыфік падкрэсліў, што стан навакольнага асяроддзя павінен выклікаць агульную занепакоенасць. “Зараз не час для таго, каб працягваць глядзець у іншы бок, застаючыся абыякавымі да праяў таго, што наша планета разграбляецца і знішчаецца па прычыне прагі прыбытку ці ў імя прагрэсу. У нас ёсць шанс змяніць курс, прысвяціць сябе лепшаму, больш здароваму свету і перадаць яго будучым пакаленням. Усё залежыць ад нас, калі мы па-сапраўднаму гэтага жадаем”, - дадаў ён.

Святы Айцец заклікаў усіх далучыцца да ініцыятывы Год “Laudato si’”, якая распачалася ў Каталіцкім Касцёле з нагоды 5-годдзя яго аднайменнай энцыклікі, “каб разам стаць адданымі клопату і абароне супольнага дому, а таксама нашы самых безабаронных і адрынутых братоў і сясцёр у грамадстве”.
 

05 чэрвеня 2020, 15:56