Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота 

Папа да біскупаў: харызма еднасці – ласка для нашага часу

Папа звярнуўся да іерархаў, якія бяруць удзел у кангрэсе на тэму: “Харызма ў служэнні Касцёлу і чалавецтву”, прымеркаваным да 100-годдзя з дня нараджэння Кьяры Любік, заснавальніцы Руху факаляраў.

Форум пачаўся 8 лютага 2020 г. у італьянскім горадзе Трэнта і завершыцца 12 лютага ў міжнародным цэнтры факаляраў у Лапіана, недалёка ад Фларэнцыі. У ім прымаюць удзел 7 кардыналаў і 137 біскупаў, якія актыўна супрацоўнічаюць з рухам або падтрымліваюць яго дзейнасць.

У пасланні да ўдзельнікаў сустрэчы Папа нагадаў словы з Апостальскай адгартацыі Evangelii gaudium, пра тое, што харызмы – гэта “дары Духа, інтэграваныя ў цела Касцёла і скіраваныя да цэнтра, якім ёсць Хрыстус, адкуль яны разыходзяцца як імпульс евангелізацыі”. 

Францішак зазначыў, што ў місіі Касцёла харызматычныя дары з’яўляюцца такім ж важнымі, як і іерархічныя. У сувязі з гэтым ён заклікаў пастыраў карыстацца “дарам распазнання і спрыяння дзейнасці Святому Духу”, што “сее сярод вернікаў асаблівыя ласкі, дзякуючы якім робіць іх здольнымі выконваць розныя служэнні дзеля дабра Касцёла”.

Паводле Святога Айца, “харызма еднасці – гэта адна з ласкаў для нашага часу”, што перажывае змены гістарычнага маштабу і падштурхоўвае да простай і радыкальнай духоўнай і душпастырскай рэформы, якая дазволіць Касцёлу вярнуцца “да заўсёды новай і актуальнай крыніцы – Хрыстовага Евангелля”.

Пантыфік заклікаў іерархаў глядзець на Укрыжаванага Хрыста, як на компас у сваёй душпастырскай дзейнасці, а таксама будаваць адзінства, быць адкрытымі на дыялог з усімі людзьмі, культурамі, рэлігійнымі традыцыямі, ідэйнымі перакананнямі, каб, трываючы ў любові і праўдзе, “праз сустрэчу будаваць новую цывілізацыю любові”.

Навіна ў фармаце аўдыё
10 лютага 2020, 10:54