Папа падчас сустрэчы з удзельнікамі семінара “Адукацыя: Сусветнае пагадненне” Папа падчас сустрэчы з удзельнікамі семінара “Адукацыя: Сусветнае пагадненне” 

Францішак: свету патрэбна інтэгральная і якасная адукацыя

“Неабходна аб’ядноўваць намаганні, каб дасягнуць шырокага адукацыйнага саюза з мэтай выхавання сталых асоб, здольных аднавіць сетку ўзаемаадносін і зрабіць чалавецтва больш братэрскім”, - упэўнены Папа.

7 лютага 2020 г. Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане ўдзельнікаў семінара “Адукацыя: глабальнае пагадненне”, ініцыяванага Папскай акадэміяй сацыяльных навук.

У сваім звароце да гасцей Пантыфік заўважыў, што на сусветным узроўні інтэгральная і якасная адукацыя ўсё яшчэ застаецца выклікам, бо для многіх “беднасць, дыскрымінацыя, кліматычныя змены, глабалізацыя абыякавасці, арэчаўленне асобы” становяцца “амаль неадольнай сцяной, што перашкаджае дасягнуць мэтаў устойлівага развіцця”.

“Клапаціцца пра адукацыю – значыць клапаціцца пра будучыя пакаленні і пра будучыню чалавецтва; гэта штосьці глыбока ўкаранёнае ў надзею і патрабуе велікадушнасці і мужнасці”, - сказаў Святы Айцец.

Ён выказаў упэўненасць у тым, што працэс адукацыі павінен “аб’ядноўваць мову галавы, сэрца і рук”, перадаваць індывідуальныя і сацыяльныя каштоўнасці, выхоўваць у духу актыўнага і салідарнага грамадзянства.

Па словах Францішка, сёння “адукацыйнае пагадненне” паміж сям’ёй, школай, радзімай і светам разбурана, а гэта значыць, што ўсе тыя інстытуты і структуры, якія пакліканы выхоўваць, перакладаюць свае абавязкі на іншых, уцякаючы ад адказнасці. Трэба нанова аб’ядноўваць веды, культуру, спорт, навуку, вольны час і адпачынак, будаваць масты і “выходзіць у сусветнае адкрытае мора”, паважаючы ўсе існуючыя традыцыі.

“Новыя пакаленні павінны ясна разумець свае традыцыі і культуру ў суаднясенні з іншымі, каб развіваць уласную самасвядомасць, выходзячы насустрач і прымаючы разнастайнасць і культурныя змены. Тады можна будзе мірна, паважліва і памяркоўна пашыраць культуру дыялогу, сустрэчы і ўзаемнага разумення, адукацыю, якая робіць здольнымі вылучаць і пашыраць сапраўдныя чалавечыя каштоўнасці ў міжкультурнай і міжрэлігійнай перспектыве”, - заключыў Папа.

Семінар “Адукацыя: глабальнае пагадненне” з удзелам спецыялістаў з вядучых універсітэтаў свету праходзіў 6-7 лютага 2020 г. у Ватыкане. Прадстаўленыя на ім даклады, праведзеныя дыскусіі і праца рабочых груп былі прысвечаны аналізу спосабаў надання адукацыі больш гуманнага і справядлівага характару, яе прывядзення ў адпаведнасць з патрабаваннямі ўстойлівых эканомік і грамадстваў ва ўсім свеце.

На форуме абмяркоўваліся, між іншым, патэнцыял сучасных тэхналогій у далучэнні да адукацыйнага працэсу дзяцей, пазбаўленых такой магчымасці; уплыў узрастаючай няроўнасці і кліматычных змен на адукацыю і спосабы паляпшэння існуючай сітуацыі.
 

Навіна ў фармаце аўдыё
07 лютага 2020, 13:01