Vatican News

Францішак агучыў перад дыпламатамі тэмы, якія яго хвалююць

З надзеяй, якая грунтуецца на рэалізме, Францішак рэкамендаваў дыпламатам, акрэдытаваным пры Святым Пасадзе, глядзець у будучыню. 9 студзеня 2020 г. прайшла традыцыйная сустрэча Папы з дыпкорпусам.

На самым пачатку Пантыфік звярнуўся да тэмы злоўжыванняў і заўважыў, што “нешматлікія дарослыя, у тым ліку некаторыя прадстаўнікі духавенства”, адказныя за “вельмі цяжкія злачынствы супраць годнасці моладзі, дзяцей і падлеткаў”. Гэта “злачынствы, якія абражаюць Бога, наносячы фізічны, псіхалагічны і духоўны ўрон”, падкрэсліў ён, нагадваючы пра ватыканскую сустрэчу ў лютым 2019 г. на тэму абароны непаўналетніх.

На думку Францішка, у свеце наспела тэрміновая неабходнасць сур’ёзных адукацыйных ініцыятыў. Навучанне, адзначыў ён, не заканчваецца ў аўдыторыях, але забяспечваецца ўмацаваннем асноўнага права сям’і на адукацыю, а таксама права Касцёлаў і грамадскіх арганізацый супрацоўнічаць з ёй. Мы жывём у свеце, дзе людзі, як правіла, замыкаюцца ў сабе, абараняючы набытыя правы, з абыякавасцю ў адносінах да пажылых людзей, ужо не прапануючы месца для зараджэння жыцця: “Агульнае старэнне часткі насельніцтва свету, асабліва на Захадзе, сумнае і эмблематычная з’ява”.

Менавіта маладыя людзі могуць шмат прапанаваць, у тым ліку ў павышэнні дасведчанасці палітычных лідараў адносна экалагічнай праблемы, падкрэсліў Святы Айцец. Клопат пра наш агульны дом павінен быць намаганнем усіх, а не аб’ектам ідэалагічнай апазіцыі. Тут Пантыфік нагадаў пра патрэбу “экалагічнага навяртання”.

Рэпартаж з папскай аўдыенцыі

Ён лічыць, што менавіта няроўнасць і эндэмічная карупцыя ляжаць у корані канфліктаў у Лацінскай Амерыцы. Ва ўсё большай колькасці краін рэгіёну назіраецца палітычны крызіс. Тут Папа ўзгадаў Венесуэлу і выказаў надзею, што ў краіне будзе знойдзена рашэнне сітуацыі, якая існуе зараз. Палітычныя лідары Лацінскай Амерыкі, звярнуў увагу Францішак, павінны тэрмінова аднавіць культуру дыялогу на карысць агульнага дабра, умацаваць дэмакратычныя інстытуты, садзейнічаць павазе вяршэнства закона, каб не дапусціць недэмакратычных, папулісцкіх і экстрэмісцкіх тэндэнцый.

Пантыфік узгадаў сваю паездку ў Аб’яднаныя Арабскія Эміраты і падпісанне з Вялікім імамам Аль-Азхара Дакумента аб братэрстве, у аснове якога ляжыць адмова ад дыскрымінацыі меншасцей, павага да свабоды рэлігіі, навучанне новых пакаленняў у духу міжрэлігійнага дыялогу. Мір і надзея таксама былі цэнтральнымі тэмамі візіту ў Марока, дзе прагучаў сумесны з каралём Мухамедам VI зварот на тэму Іерусаліма, з прызнаннем яго ўнікальнасці і сакральнасці. Папа заклікаў міжнародную супольнасць падтрымаць ізраільска-палестынскі мірны працэс, а таксама спрыяць міру ў іншых рэгіёнах Блізкага Усходу, у тым ліку і ў Сірыі.

Францішак звярнуў увагу і на самыя актуальныя навіны: трывожныя сігналы, якія паступаюць з усяго рэгіёна пасля росту напружанасці паміж Іранам і ЗША. Гэта рызыкуе запаволіць працэс аднаўлення Ірака, а таксама стварыць асновы для маштабнага канфлікту. “Аднаўляю свой зварот да ўсіх зацікаўленых бакоў, пазбегнуць уздыму канфлікту і захаваць полымя дыялогу і самакантролю пры поўным захаванні міжнароднай законнасці”, - сказаў Папа.

У цяперашні час Святы Пасад падтрымлівае дыпламатычныя адносіны з 183 дзяржавамі, а таксама Еўрапейскім Саюзам і Суверэнным Ваенным Мальтыйскім Ордэнам.

Навіна ў фармаце аўдыё
09 студзеня 2020, 11:41