Vatican News
Папа падчас малітвы "Анёл Панскі" Папа падчас малітвы "Анёл Панскі" 

Папа: дзе ёсць лучнасць, еднасць і братэрства, там ёсць жыццё

Жыццё ёсць там, дзе ёсць лучнасць, еднасць, братэрства; яно мацнейшае за смерць, бо пабудавана на адносінах і вернасці, сказаў Папа перад малітвай “Анёл Панскі”, 10 лістапада 2019 г. у Ватыкане.

Прапануем вашай увазе поўны тэкст медытацыі Святога Айца:

“Сённяшні евангельскі ўрывак (пар. Лк 20,27-38) прапануе нам цудоўнае навучанне Езуса аб уваскрашэнні памерлых. Да Езуса звярнуліся некаторыя садукеі, якія не верылі ва ўваскрашэнне і правакавалі Яго падступным пытаннем: чыёй жонкай будзе жанчына пасля ўваскрашэння, калі ў яе пачаргова было сем мужоў, што былі братамі і памерлі адзін пасля аднаго? Езус не трапіў у пастку і адказаў, што ў тым свеце ўваскрэслыя “не будуць ні жаніцца, ні выходзіць замуж; і памерці ўжо не змогуць, бо яны роўныя анёлам і з’яўляюцца сынамі Божымі, будучы сынамі ўваскрашэння” (Лк 20,35-36). Так адказаў Езус.

Гэтым адказам Езус у першую чаргу запрашае сваіх суразмоўцаў – а таксама нас, – памятаць, што зямное вымярэнне, у якім жывём зараз – не адзінае, што існуе таксама іншае вымярэнне, больш непадуладнае смерці, у якім напоўніцу выявіцца тое, што з’яўляемся Божымі дзецьмі.

“[Вялікі спакой і надзея напаўняюць нас, калі слухаем гэтыя простыя і ясныя словы Езуса аб жыцці пасля смерці; мы іх моцна патрабуем, асабліва ў наш час, вельмі багаты ведамі аб сусвеце, але бедны мудрасцю аб вечным жыцці.]”

Гэтая шчырая ўпэўненасць Езуса ва ўваскрашэнні цалкам грунтуецца на вернасці Бога, які ёсць Богам жыцця. Насамрэч, за пытаннем садукеяў схавана яшчэ адно, больш глыбокае: не толькі пра тое, чыёй жонкай будзе жанчына, якая мела сем мужоў, але каму будзе належыць яе жыццё. Гаворка ідзе пра сумнеў, што турбуе чалавека ва ўсе часы, таксама і нас: пасля гэтага зямнога пілігрымавання, што будзе з нашым жыццём? Будзе прыналежаць пустцы, смерці?

Езус адказвае, што жыццё прыналежыць Богу, які нас любіць і настолькі моцна турбуецца пра нас, што нават звязаў сваё імя з нашым: ёсць “Богам Абгарама, і Богам Ісака, і Богам Якуба”. Бог жа не ёсць Богам мёртвых, але жывых, бо ўсе для Яго жывуць”. (Лк 20,37-38): жыццё ёсць там, дзе ёсць лучнасць, еднасць, братэрства; гэта жыццё мацнейшае за смерць, бо пабудавана на сапраўдных адносінах і повязі вернасці.

“[Адваротным чынам, няма жыцця там, дзё ёсць імкненне прыналежаць толькі сабе і жыць як астравы: у такіх паводзінах пераважае смерць. Гэта эгаізм. Калі жыву для сябе, сею смерць ў маім сэрцы.]”

Няхай Панна Марыя дапаможа нам штодзённа жыць у перспектыве таго, што мы сцвярджаем у заключнай частцы Сімвалу веру: “Чакаю ўваскрашэння памерлых і жыцця вечнага ў будучым свеце”.

Пасля марыйнай малітвы Францішак прывітаў сабраных на плошчы св. Пятра і ўдзяліў сваё благаслаўленне.

Навіна ў фармаце аўдыё
10 лістапада 2019, 13:47