Папа да в’етнамскіх католікаў: людзі чакаюць вашага сведчання

“Не бойцеся, каб ззяла ваша цудоўная каталіцкая тоеснасць”, - заклікаў Папа маладых удзельнікаў в’етнамскіх каталіцкіх Дзён моладзі. Форум распачаўся 20 лістапада 2019 г. у паўночных дыяцэзіях краіны.

У спецыяльным відэапасланні Святы Айцец спаслаўся на дэвіз сустрэчы: “Вярніся да свайго дому” (Мк 5,19). Ён заўважыў, што ў в’етнамскай культуры паняцце “дом” уключае ўсё самае дарагое: сям’ю, сваякоў і родную зямлю. З гэтай культурай звязаны і мясцовыя сямейныя традыцыі, якім уласціва любоў да бліжняга, пашана да бацькоў і старэйшых. Пантыфік заклікаў маладых вернікаў цаніць гэту традыцыйную і культурную спадчыну.

Папа заўважыў таксама, што ахрышчаныя з’яўляюцца спадкаемцамі іншага, яшчэ большага дома, якім ёсць Касцёл. “Вам пашчасціла нарадзіцца ва ўлонні гераічнага Касцёла, багатага яскравымі сведкамі. Я думаю пра в’етнамскіх мучанікаў. Думаю пра вашых дзядуль, бабуль і бацькоў, якія пакутавалі ад вайны, згубіўшы амаль усё, акрамя веры, якую перадалі вам як самую каштоўную спадчыну”, - сказаў ён.

“У гэты дом, якім з’яўляецца Касцёл, вы заўсёды можаце вяртацца , каб чэрпаць сілы і натхненне для вашай веры. Тут вы можаце заўсёды годна фармаваць ваша сумленне. Тут кожны з вас можа знайсці жыццёвы шлях, у адпаведнасці з Божым пакліканнем”, - заўважыў Святы Айцец. У В’етнаме католікі – гэта меншасць, а гэта значыць, што ёсць і “большасць, якая мае права пачуць евангельскую вестку, і чакае гэтага”, - дадаў ён.

“Зараз ваша чарга будаваць малады і радасны Касцёл-дом, поўны жыцця і братэрства. Няхай, дзякуючы вашаму сведчанню, збаўчае пасланне Бога дасягне вашых суседзяў і суайчыннікаў. Сведчанне патрэбна заўсёды, празелітызм не патрэбны ніколі!”, - падкрэсліў Францішак.

Святы Айцец зазначыў, што хрысціянскае сведчанне павінна мець тры рысы: сумленнасць, адказнасць і аптымізм. Ім павінна спадарожнічаць праніклівасць, неабходная для вернасці сваёй каталіцкай тоеснасці і веры ў свеце, прасякнутым матэрыялізмам.

Навіна ў фармаце аўдыё
20 лістапада 2019, 11:07