Папа падчас малітвы "Анёл Панскі" Папа падчас малітвы "Анёл Панскі" 

Папа: малітва – неад’емная ўмова місійнай дзейнасці

Місіянеры з’яўляюцца людзьмі малітвы, падкрэсліў Папа падчас сустрэчы з вернікамі на малітве “Анёл Панскі”. Яна прайшла 20 кастрычніка 2019 г. у Ватыкане.

Прапануем вашай увазе поўны тэкст медытацыі Святога Айца:

“Другое літургічнае чытанне на гэту нядзелю кажа нам пра заклік, які апостал Павел скіраваў да свайго вернага паплечніка Цімафея: “Прапаведуй слова, будзь настойлівы ў спрыяльны і неспрыяльны час, аспрэчвай, папраўляй, заахвочвай з усёй цярплівасцю ў навучанні” (2 Цім 4,2). Яго тон – настойлівы: Цімафей павінен адчуваць сябе адказным за абвяшчэнне Слова.

Сусветны дзень місій, які адзначаецца сёння, гэта шчаслівая нагода, каб кожны ахрышчаны яшчэ больш усвядоміў, што павінен супрацоўнічаць у абвяшчэнні Слова, у абвяшчэнні Божага Валадарства з абноўленымі высілкамі. Каб даць новы імпульс місійнай дзейнасці ўсяго Касцёла, каля ста гадоў таму Бэнэдыкт XV выдаў Апостальскі ліст “Maximum illud”. Ён папярэджваў пра патрэбу ў евангельская перакваліфікацыі місійнай дзейнасці ў свеце, каб яна была ачышчанай ад усіх каланізацыйных нагрувашчванняў і свабоднай ад уплыву экспансіўнай палітыкі еўрапейскі дзяржаў.

Рэпартаж з плошчы св. Пятра ў Ватыкане

У сучасным кантэксце, які змяніўся, пасланне Бэнэдыкта XV застаецца актуальным і стымулюе перамагчы спакусу самадастатковай закрытасці і розных форм пастырскага песімізму, каб адкрыцца на радасную навізну Евангелля. У наш час, пазначаны глабалізацыяй, якая павінна быць салідарнай і паважлівай да асаблівасцяў народаў, але якая пакутуе ад уніфікацыі і старых канфліктаў з-за ўлады, што распальваюць войны і знішчаюць планету, вернікі пакліканы з абноўленым запалам несці паўсюль добрую навіну аб тым, што ў Езусе міласэрнасць перамагае грэх, надзея – страх, братэрства перамагае варожасць.

Гаворка ідзе пра тое, каб адчуць моцны заклік да місійнай дзейнасці сярод усіх народаў і тых людзей, якія жывуць на ўзбочыне тут, сярод нас. Менавіта ад нашага братэрства, калі будзем жыць ім з верай і любоўю, будзе зыходзіць сіла і імпульс для місійнай дзейнасці. Жыць у братэрстве толькі ва ўласным закрытым коле, гэта значыць гасіць Духа, які робіць нас з’яднанымі дзеля абвяшчэння ўсім таго, што Хрыстус – наш супакой, што ў Ім былі пераможаны ўсе падзелы, што толькі ў Ім ёсць збаўленне для кожнага чалавека і кожнага народа.

Для паўнаты жыцця місійнай дзейнасцю існуе неад’емная ўмова: малітва, малітва гарачая і няспынная, згодна з навучаннем Езуса, абвешчаным таксама ў сённяшнім Евангеллі, у якім Ён распавядае прыпавесць “пра тое, што трэба заўсёды маліцца і не падаць духам” (Лк 18,1). Малітва – гэта першая падтрымка з боку Божага народу для місіянераў, багатая любоўю і ўдзячнасцю за іх складанае заданне абвяшчаць і дарыць святло і ласку Евангелля тым, што іх яшчэ не атрымаў. Сёння мы маем цудоўную нагоду, каб спытаць сябе: я малюся за місіянераў? Я малюся за тых, хто адпраўляецца далёка, каб несці праз сведчанне Божае слова? Падумаем пра гэта.

Няхай Марыя, Маці ўсіх народаў, штодзённа суправаджае і абараняе місіянераў Евангелля”, - закончыў сваё разважанне Папа.

Пасля марыйная малітвы Францішак прывітаў вернікаў, прысутных на плошчы св. Пятра і ўдзяліў усім сваё благаслаўленне.

Навіна ў фармаце аўдыё
20 кастрычніка 2019, 12:34