Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Афіцыйная праграма папскіх цэлебрацый на бліжэйшыя месяцы

Малітва за памерлых іерархаў, урачыстасць Божага Нараджэння і благаслаўленне “Urbi et Orbi” – галоўныя падзеі з удзелам Пантыфіка на бліжэйшыя месяцы.

28 кастрычніка 2019 г. у Ватыкане была абнародавана афіцыйная праграма папскіх цэлебрацый на перыяд з лістапада 2019 г. па пачатак студзеня 2020 г.

4 лістапада ў базыліцы св. Пятра Францішак узначаліць Эўхарыстыю ў інтэнцыі памерлых сёлета кардыналаў і біскупаў. 17 лістапада, у Сусветны дзень бедных, там жа Папа будзе цэлебраваць адмысловую св. Імшу.

8 снежня, ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, Пантыфік здзейсніць традыцыйны візіт на рымскую Іспанскую плошчу, дзе ўскладзе кветкі да скульптуры Маці Божай. 12 снежня, ва ўспамін Маці Божай Гвадэлупскай, ён узначаліць Эўхарыстыю ў інтэнцыі краін Лацінскай Амерыкі.

Вігілійная св. Імша на Божае Нараджэнне пачнецца ў ватыканскай базыліцы 24 снежня ў 21.30, а на наступны дзень, у 12.00, Святы Айцец, з цэнтральнай лоджыі базылікі св. Пятра, удзеліць урачыстае благаслаўленне “Urbi et Orbi” і звернецца са сваім “Пасланнем міру”. Вечарам 31 снежня Францішак узначаліць святочныя Нешпары, якія стануць падзякай за адыходзячы год.

Пантыфік будзе таксама цэлебраваць св. Імшы на пачатку 2020 г.:1 студзеня – ва ўрачыстасць Святой Багародзіцы Марыі і Сусветны дзень міру; 6 студзеня – ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана і 12 студзеня – ва ўрачыстасць Хросту Пана. Апошняя Эўхарыстыя будзе праходзіць у Сікстынскай капэле; падчас яе Папа ўдзеліць сакрамэнт хросту дзецям.

Навіна ў фармаце аўдыё
28 кастрычніка 2019, 10:50