Папа падчас сустрэчы з членамі Кангрэгацыі Сясцёр Служак Беззаганнай Дзевы Марыі Папа падчас сустрэчы з членамі Кангрэгацыі Сясцёр Служак Беззаганнай Дзевы Марыі 

Папа: надзея – гэта мужнасць у супрацьстаянні выклікам свету

Манаскія супольнасці павінны быць “знакам універсальнага братэрства, школамі гасціннасці і інтэграцыі, месцамі адкрытасці і зносін”, упэўнены Святы Айцец.

25 кастрычніка 2019 г. Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане членаў Кангрэгацыі Сясцёр Служак Беззаганнай Дзевы Марыі. Нагодай для сустрэчы стаў генеральны капітул гэтай манаскай супольнасці, які трываў на працягу месяца ў італьянскім горадзе Арыча.

Папа падкрэсліў, што сёстры з манаскага Ордэна Служак Беззаганнай Дзевы Марыі становяцца сведкамі Евангелля ў пражыванні асабістага прысвячэння сябе Марыі праз штодзённае намаганне наследаваць Яе стыль жыцця, а таксама ў сваім апостальстве і місійнай дзейнасці.

У апошнім выпадку, па словах Святога Айца, натхненнем павінны служыць чатыры спосабы паводзінаў Божай Маці: калі пасля Звеставання Марыя ідзе дапамагаць Альжбеце; калі ў Кане Галілейскай атрымлівае ад Езуса знак перамянення вады ў віно на радасць маладых; калі, поўная веры і болю, застаецца пад крыжам Езуса; нарэшце, калі разам з Апосталамі моліцца ў вячэрніку ў чаканні Духа Святога.

“Зыходзячы з гэтых чатырох марыйных “момантаў”, вы заўсёды пакліканыя паглыбляць харызму Ордэна, каб рэалізоўваць яе, з тым каб яна магла адказваць з надзеяй на выклікі, перад якімі сучасны свет ставіць Касцёл і ваш Ордэн”, - сказаў Францішак.

Ён запэўніў прысутных у тым, што толькі Бог можа дазволіць ім несці паўсюль “праз святасць жыцця” надзею і позірк даверу, вылучаючы станоўчае на тых тэрыторыях, дзе яны пакліканы выконваць сваю місію.

“Быць людзьмі надзеі – значыць знаходзіць мужнасць, каб супрацьстаяць асобным сучасным выклікам”, сярод якіх, напрыклад, – адказнае карыстанне сродкамі камунікацыі або феномен шматкультурнасці, заўважыў Пантыфік. Ён выказаў перакананне, што ў гэтым сэнсе каталіцкія рэлігійныя супольнасці сталі сапраўднымі “лабараторыямі”, якія даюць усім выразны знак Божага Валадарства, “да якога запрошаны ўсе народы, праз адзінае Евангелле збаўлення”.

“Няхай і вашыя супольнасці будуць знакам універсальнага братэрства, школамі гасціннасці і інтэграцыі, месцамі адкрытасці і зносін. Праз такое сведчанне вы дапаможаце трымаць на адлегласці падзелы і перашкоды, прадузятасць адносна перавагі і падначаленасці, культурныя, этнічныя, моўныя агароджы, сепаратыўныя муры”, - пажадаў Святы Айцец.
 

Навіна ў фармаце аўдыё
25 кастрычніка 2019, 13:57