Папа падчас запісу відэа да ўдзельнікаў Місійнага Кангрэса Інданезіі Папа падчас запісу відэа да ўдзельнікаў Місійнага Кангрэса Інданезіі 

Папа прывітаў удзельнікаў Місійнага Кангрэса Інданезіі

Натхнёныя Духам Святым, заўсёды ідзіце наперад: Францішак скіраваў адмысловы відэазварот да ўдзельнікаў Нацыянальнага Місійнага Кангрэса Інданезіі на тэму “Ахрышчаны і высланы”.

Чатырохдзённы форум распачаў сваю працу 1 жніўня 2019 г. у Джакарце.

Папа заахвоціў сваіх слухачоў добра падумаць над тэмай Кангрэса. “Калі мы ахрышчаныя, то атрымліваем Духа Святога, які ёсць скарбам; атрымліваем пасланне Езуса, Евангелле ўнутры нас”, - заўважыў Пантыфік.

“Калі хтосьці мае цудоўную рэч і захапляецца ёю, то адчувае жаданне несці яе далей і даваць іншым. Ахрышчаны і высланы: дзве гэтыя рэчы павінны быць пуцяводнай ніткай гэтага Кангрэса”, - працягнуў Святы Айцец.

Папа запрасіў удзельнікаў форуму задумацца над тым, як кожны з іх перажывае свой хрост – як у асабістым жыцці, так і ў грамадскім, як “сацыяльная закваска”, як той, хто пашырае пасланне Езуса...

“Ахрышчаны і высланы: не забывайце гэтага ніколі! Хрысціянін заўсёды ідзе наперад (…). Калі хтосьці ідзе назад, ён не хрысціянін. Хрысціянін ідзе наперад, гэта і значыць “высланы”: Дух Святы штурхае мяне рухацца наперад. Так, адважна, наперад, заўсёды наперад”, - заклікаў Францішак.

Відэапасланне Папы трансліравалася падчас цырымоніі адкрыцця Нацыянальнага Місійнага Кангрэса Інданезіі.

Навіна ў фармаце аўдыё
01 жніўня 2019, 14:00