Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік напісаў ліст да святароў

З нагоды 160-годдзя з дня смерці св. Яна Марыі Віянэя, Папа скіраваў ліст да ўсіх святароў, якія, нягледзячы на цяжкасці і расчараванні, штодзённа ўдзяляюць сакрамэнты і суправаджаюць Божы народ.

Пасланне называецца: “Да маіх братоў прэзбітэраў”. На яго пачатку Святы Айцец звярнуў увагу на сітуацыю, выкліканую злоўжываннямі ўладай, сумленнем і сексуальнымі злоўжываннямі з боку святароў. Адначасова ён заўважыў, што “было б несправядліва не прызнаваць, што шматлікія святары пастаянна і поўнасцю ахвяруюць усё, чым з’яўляюцца і што маюць, дзеля дабра іншых”.

Гэта святары, якія “робяць са свайго жыцця справу міласэрнасці” у складаных кантэкстах, а часам, нават, “рызыкуючы ўласным жыццём”. Папа падзякаваў за такі “адважны і трывалы прыклад” і падкрэсліў, што “часы касцёльнага ачышчэння, якія перажываем, робяць нас больш радаснымі і простымі, а ў не вельмі далёкай будучыні прынясуць шмат плёнаў”. Францішак заклікаў святароў не апускаць рукі, бо “Пан ачышчае сваю Нявесту і звяртае ўсіх да сябе. Ён дапамагае нам усвядоміць, што без Яго мы з’яўляемся пылам”, падкрэсліў Пантыфік.

Святы Айцец прыгадаў, што пакліканне да святарства – гэта ў першую чаргу адказ на ініцыятыву Пана. У моманты цяжкасцяў, уразлівасці і слабасці важна не губляць “удзячнага ўспаміну пра тое, як Пан прайшоў у нашым жыцці” і паклікаў “уключыцца ў гульню дзеля Яго і Ягонага народу”. Удзячнасць з’яўляецца “моцнай зброяй”. “Толькі калі будзем у стане сузіраць і канкрэтным чынам дзякаваць за ўсе жэсты любові, шчодрасці, салідарнасці і даверу, а таксама за прабачэнне, цярплівасць, вытрымку і спагаду, з якімі да нас ставіліся, мы дазволім, каб Дух адарыў нас свежым паветрам, здольным абнавіць (а не падфарбаваць) наша жыццё і місію”, - запэўніў Францішак.

Пантыфік падзякаваў святарам за “вернасць абавязкам, узятым на сябе” і падкрэсліў важнасць таго, што ў сучасным грамадстве ёсць людзі, якія знаходзяць радасць у тым, каб прыносіць сябе ў дар. Папа падзякаваў святарам за штодзённую цэлебрацыю Эўхарыстыі, удзяленне сакрамэнту споведзі, суправаджэнне людзей на шляху навяртання, абвяшчэнне Евангелля. Ён заўважыў, што зараз няма нічога больш неабходнага, чым блізкасць да людзей, асабліва пакутуючых.

Святы Айцец падкрэсліў, што пастыры павінны навучыцца адчуваць сябе паяднанымі са сваім народам, не забываць, што выйшлі з яго, весці сціплы і просты лад жыцця, не прымаць прывілеяў, “якія не маюць водару Евангелля”.

Падбадзёрваючы святароў, Папа зазначыў, што місія, да якой яны пакліканы, не прадугледжвае, што яны будуць абароненыя ад пакут, болю, неразумення, але наадварот, вымагае таго, каб перамагаць усё гэта. Добрым тэстам, які можа паказаць стан сэрца пастыра, з’яўляецца тое, як ён ставіцца да пакут, лічыць Францішак. Ён пажадаў, каб пастыры не паводзілі сябе як левіт і святар з прыпавесці пра Добрага самараніна, якія праігнаравалі чалавека, што ляжаў на зямлі, каб не мудрагелілі над такімі сітуацыямі, робячы выснову, што жыццё складанае і нічога нельга зрабіць.

Францішак папярэдзіў аб небяспецы “самага каштоўнага д’ябальскага эліксіру”, якім з’яўляецца “саладжавы смутак”. Ён паралізуе мужнасць, неабходную для таго, каб працягваць працу, каб маліцца, а таксама робіць “стэрыльнымі ўсе спробы перамены і навяртання”. Папа заклікаў прасіць “Святога Духа, каб прыйшоў абудзіць нас”, дапамог кінуць выклік прызвычаенасці, “дазволіў узрушыцца тым, што здараецца вакол нас і воклічам жывога слова Уваскрослага”. “На працягу нашага жыцця, мы маглі сузіраць як з Езусам Хрыстом заўсёды адраджаецца радасць”, - напісаў Пантыфік. Ён удакладніў таксама, што радасць не з’яўляецца дзякуючы высілкам волі ці інтэлекту, але дзякуючы веры ў тое, што “словы Езуса, скіраваныя да Пятра, працягваюць дзейнічаць”.

Святы Айцец падкрэсліў, што малітва дапамагае ўсвядоміць стан нашай “благаслаўлёнай патрэбы” ў Божай падтрымцы, а таксама пераадолець спакусу спадзявання толькі на ўласныя сілы. Давер да Бога “робіць нас свабоднымі ад пошуку ці жадання лёгкіх, хуткіх і гатовых адказаў, дазваляючы Пану, каб Ён сам (а не нашы рэцэпты і прыярытэты) паказаў нам шлях надзеі”.

Паводле Францішка, каб захоўваць сэрца адважным, важна клапаціцца аб лучнасці з Езусам, не забываючы пра патрэбу ў духоўным кіраўніцтве, абмеркаванні з братам уласнага шляху, а таксама аб лучнасці з Божым народам. “Не ізалюйцеся ад вашага народу, святароў ці супольнасці. Тым больш не замыкайцеся ў закрытых ці элітарных групах... адважны служыцель, гэта заўсёды служыцель, які выходзіць насустрач”, - падкрэсліў Папа.

Пантыфік нагадаў пра важнасць праслаўлення, наследуючы прыклад Панны Марыі. “Глядзець на Марыю, значыць зноў пачаць верыць у рэвалюцыйную сілу ласкавасці і любові”, таму, калі “часам будзем адчуваць спакусу ізалявання і закрытасці ў саміх сябе і нашых праектах”, калі “нараканні, пратэсты, крытыка ці іронія апануюць нашу дзейнасць, пазбаўляючы жадання змагацца, чакаць і любіць”, будзем глядзець “на Марыю, каб нашы вочы ачысціліся ад усіх “пясчынак”, якія могуць перашкаджаць нам быць уважлівымі і бадзёрымі, каб сузіраць і цэлебраваць Хрыста, што жыве сярод свайго народу”, - напісаў Папа.

“Браты, яшчэ раз, нястомна дзякую за вас... Дазволім, каб удзячнасць выклікала праслаўленне і яшчэ раз заахвоціла нас да місіі намашчэння нашых братоў надзеяй, місіі быцця людзьмі, якія сведчаць сваім жыццём пра спагаду і міласэрнасць, якія толькі Езус можа падарыць нам”, - напісаў на заканчэнне свайго ліста Святы Айцец.

Навіна ў фармаце аўдыё
04 жніўня 2019, 11:00