Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота 

Святы Айцец прывітаў удзельнікаў курса па абароне непаўналетніх

Пантыфік скіраваў відэа-пасланне да ўдзельнікаў фармацыйнага курсу па абароне непаўналетніх у Касцёле. Трэнінг праходзіць з 1 па 26 ліпеня 2019 г. пры Папскім мексіканскім універсітэце ў Мехіка.

Абарона непаўналетніх – гэта “сур’ёзны выклік”, падкрэсліў Святы Айцец. Ён нагадаў пра “вялікі сорам”, які прынеслі Касцёлу злачынствы супраць непаўналетніх, здзейсненыя яго членамі. “Ніхто не павінен больш злоўжываць дзецьмі”, - дадаў Папа.

Пантыфік зазначыў, што калі біскуп, святар, законнік ці свецкі вернік “перашкаджае дзіцяці прыйсці да Езуса”, неабходна спыніць яго, дапамагчы яму выправіцца, “калі на гэта яшчэ ёсць час”, або “пакараць, калі ён ужо здзейсніў злачынства”.

Асабліва важнае значэнне для абароны дзяцей, паводле Святога Айца, мае прафілактыка любога роду злачынстваў, не толькі сексуальных, але таксама звязаных з наркотыкамі, карупцыяй і іншых. Ён паставіў у прыклад прэвентыўны метад, які выкарыстоўваў у сваёй выхаваўчай дзейнасці св. Ян Боска.

Курс па барацьбе са злоўжываннямі, які праходзіць у Папскім мексіканскім універсітэце, быў арганізаваны рымскім Цэнтрам даследаванняў і міждысцыплінарнай фармацыі для абароны непаўналетніх. Ён распачаўся з дакладу Апостальскага нунцыя ў Мексіцы, арцыбіскупа Франка Копалы, на тэму “Прафілактыка злоўжыванняў у Касцёле ў Лацінскай Амерыцы”.

Навіна ў фармаце аўдыё
21 ліпеня 2019, 12:22