Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Айцец: прастытуцыя – хвароба чалавецтва

Прастытуцыя – гэта хвароба чалавецтва, падкрэсліў Папа ў прадмове да кнігі італьянскага святара, кс. Альда Буонаюта, “Укрыжаваныя жанчыны. Сорам гандлю рабамі, аб якім расказала вуліца”.

Святы Айцец прыгадаў як некалькі гадоў таму, у рамках ініцыятывы “Пятніцы міласэрнасці”, меў магчымасць наведаць рымскі цэнтр “Супольнасці папы Яна XXIII”, у якім служыць аўтар кнігі. Гэта структура, заснаваная ў 1960-я гг., аказвае дапамогу жанчынам, якія раней былі прымушаны да заняцця прастытуцыяй.

“Я не спадзяваўся, што ўбачу там настолькі прыніжаных, знясіленых і выпрабаваных жыццём жанчын. Гэта былі па-сапраўднаму ўкрыжаваныя жанчыны”, - напісаў Пантыфік. Ён падкрэсліў, што падчас яго візіту “дыхалася усім болем, несправядлівасцю і наступствамі прыгнёту”.

“Пасля таго, як я выслухаў кранальныя і вельмі чалавечыя гісторыі гэтых бедных жанчын, некаторыя з якіх трымалі дзяцей на руках, я адчуў моцнае жаданне, амаль патрэбу, папрасіць у іх прабачэння за сапраўдныя катаванні, якія яны вымушаны былі выцерпець ад кліентаў, многія з якіх называюць сябе хрысціянамі”, - напісаў Папа.

“Чалавек ніколі не можа быць выстаўлены на продаж”, - падкрэсліў Святы Айцец. Папа даў высокую адзнаку “каштоўнай і мужнай дзейнасці”, якой кс. Альда Буонаюта займаецца на працягу многіх гадоў, а таксама звярнуў увагу на рызыкоўнасць гэтай місіі, паколькі жанчыны, якім ён дапамагае, з’яўляюцца крыніцай “невычарпальнага незаконнага і ганебнага абагачэння” для арганізаванай злачыннасці.

“Я б хацеў, каб гэту кнігу прачытала як мага больш шырокая аўдыторыя, даведаўшыся пра гісторыі, якія знаходзяцца за шакуючымі лічбамі, звязанымі з гандлем людзьмі, каб можна было зразумець, што не спыніўшы настолькі вялікі попыт з боку кліентаў, немагчыма эфектыўна супрацьстаяць выкарыстанню і прыніжэнню нявінных людзей”, - падкрэсліў Пантыфік.

“Любая форма прастытуцыі – гэта заняволенне, злачыннае дзеянне, ганебная загана, якая блытае акт любові з вызваленнем уласных інстынктаў праз катаванне бездапаможнай жанчыны”, - дадаў ён.

“Гэта паталагічная ментальнасць, для якой жанчыну належыць выкарыстаць, нібыта яна тавар, прызначаны для таго, каб скарыстацца і выкінуць. Гэта хвароба чалавецтва, памылковы спосаб разумення грамадства. Вызваленне гэтых няшчасных нявольніц – гэта жэст міласэрнасці і абавязак кожнага чалавека добрай волі. Іх крык болю не можа пакідаць абыякавымі ні асобных людзей, ні структуры. Ніхто не можа адварочвацца ў іншы бок ці ўмываць рукі ад нявіннай крыві тых, хто быў кінуты на вуліцы свету”, - сцвердзіў Святы Айцец.

Кніга кс. Альда Буонаюта “Укрыжаваныя жанчыны. Сорам гандлю рабамі, аб якім расказала вуліца” (Donne crocifisse. La vergogna della tratta raccontata dalla strada) з’явілася на паліцах італьянскіх кнігарняў 29 ліпеня 2019 г., напярэдадні Сусветнага дня барацьбы з гандлем людзьмі, які будзе адзначацца 30 ліпеня.

Навіна ў фармаце аўдыё
29 ліпеня 2019, 08:58