Францішак сярод мігрантаў. Ілюстрацыйнае фота Францішак сярод мігрантаў. Ілюстрацыйнае фота 

Папа памоліцца за мігрантаў у гадавіну візіту на Лампедузу

У шостую гадавіну свайго візіту на італьянскі востраў Лампедуза Францішак узначаліць св. Імшу за мігрантаў. Літургія пройдзе 8 ліпеня 2019 г. у ватыканскай базыліцы св. Пятра.

Разам з Пантыфікам будуць маліцца каля 250 мігрантаў і бежанцаў, а таксама ратавальнікі і прадстаўнікі арганізацый, якія дапамагаюць людзям, вымушаным пакідаць сваю радзіму. Удзел у Эўхарыстыі прымуць выключна асобы, запрошаныя Секцыяй па справах мігрантаў і бежанцаў пры Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека.

Трансляцыю св. Імшы будуць весці ватыканскія СМІ. Прысутнасць іншых журналістаў у базыліцы не прадугледжана.

“Святы Айцец жадае, каб літургія прайшла ў як мага больш спакойнай атмасферы, у памяць пра людзей, якія згубілі жыццё, уцякаючы ад вайны і беднасці, а таксама, каб падбадзёрыць тых, хто не шкадуе сябе, падтрымліваючы, суправаджаючы і прымаючы мігрантаў і бежанцаў”, - паведаміў 1 ліпеня 2019 г. часовы кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы, Алесандра Джызоці.

Францішак наведаў міжземнаморскі востаў Лампедуза, размешчаны на поўдзень ад Сіцыліі, 8 ліпеня 2013 г. Такім чынам ён хацеў звярнуць увагу міжнароднай супольнасці на лёсы тысяч людзей, якія, рызыкуючы сваім жыццём, адпраўляюцца ў падарожжа на перагружаных лодках, каб патрапіць у Еўропу.

Навіна ў фармаце аўдыё
01 ліпеня 2019, 11:00