У Вялікабрытаніі прайшла сустрэча сакратароў епіскапатаў Еўропы
У цэнтры ўвагі ўдзельнікаў сустрэчы быў дакумент Кангрэгацыі Веравучэння “Iuvenescit Ecclesia” аб адносінах паміж іерархічнымі і харызматычнымі дарамі ў жыцці і місіі Касцёла. Ён быў абнародаваны ў 2016 г.
Пра харызматычнае вымярэнне ў Касцёле сакратарам еўрапейскіх епіскапатаў распавяла Марыя Вочэ, старшыня руху Факаляраў. Яна заўважыў, што як іерархічныя, так і харызматычныя дары, маюць адну крыніцу – яны паходзяць ад Святога Духа.
Розныя рухі і супольнасці, якія ўзнікаюць у Каталіцкім Касцёле, павінны быць добра ўпісаны ва ўсю касцёльную структуру, да якой яны прыналежаць, і развіваць плённы ўзаемаабмен з усімі іншымі касцёльнымі рэальнасцямі, заўважыла Марыя Вочэ.
У той жа час, паводле яе слоў, важна, каб мясцовыя Касцёлы, дыяцэзіі і парафіі таксама былі адкрытымі на багацце і разнастайнасць харызматаў, якія нясуць з сабой рухі і супольнасці.
Таксама неабходна, каб рухі і супольнасці дзейнічалі не толькі ўнутры Касцёла, але былі скіраваны і вонкі, кожны згодна са сваімі асаблівасцямі, заўважыў старшыня Факаляраў.
Падчас сустрэчы звярталася ўвага на важнасць распазнання ў пытаннях, якія тычацца харызматычнага абнаўлення, а таксама ўвагі да культурных і агульнарэлігійных гарызонтаў.
У ходзе бірмінгемскай сустрэчы былі прадстаўлены справаздачы аб дзейнасці чатырох камісій Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы: па евангелізацыі і культуры, пытаннях сям’і і абароны жыцця, справах моладзі і сацыяльным душпастырстве.