Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа да румынскіх цыган: у Хрыстовым Касцёле ёсць месца для ўсіх

“Касцёл – гэта месца сустрэчы”, і гэта павінна быць не проста прыгожым лозунгам, але адзнакай нашай хрысціянскай прыналежнасці, адзначыў Папа, звяртаючыся да супольнасці цыган у Румыніі.

З яе прадстаўнікамі Францішак сустрэўся ўвечары 2 чэрвеня 2019 г., падчас наведвання старажытнага цыганскага квартала Барбу Лэутару ў румынскім горадзе Блаж.

Заслухаўшы сведчанне грэка-каталіцкага святара, што паходзіць з цыганскай супольнасці, Пантыфік звярнуўся да прысутных з прамовай, у якой, перш за ўсё, перапрасіў ад імя Касцёла за ўціск і дыскрымінацыю, якім на працягу гісторыі падвяргаліся цыгане.

“Нясу цяжар у сэрцы, – прызнаўся Папа. – Гэта цяжар дыскрымінацый, сегрэгацый і дрэннага абыходжання, зведаных вашымі супольнасцямі. Гісторыя кажа нам, што і хрысціяне, у тым ліку католікі, не засталіся ў баку ад гэтага зла”.

“[Ад імя Касцёла я прашу прабачэння ў Пана і ў вас за ўсе выпадкі, калі на працягу гісторыі мы дыскрымінавалі вас, дрэнна з вамі абыходзіліся або глядзелі на вас памылкова – позіркам Каіна, а не Абэля, і не здолелі спазнаць адзін аднаго, ацаніць і абараніць вас у вашай адметнасці]”

, - сказаў Францішак.

Ён запэўніў прысутных у тым, што “ў Хрыстовым Касцёле ёсць месца для ўсіх”. Па словах Папы, “пакінуўшы кагосьці ззаду, чалавечая сям’я не ідзе наперад”, і мы не з’яўляемся да канца ні хрысціянамі, ні проста людзьмі, калі не ўмеем бачыць чалавека раней за яго ўчынкі, раней за нашыя суджэнні і прадузятасць”. Таму варта “выбіраць дарогу Езуса”, бо яна, хоць і “каштуе намаганняў”, але, праходзячы праз прабачэнне, “вядзе да супакою”.

“[Не дазволім сабе быць уцягнутымі ў зайздроснасць, якая хаваецца ўнутры: ніякай злапамятнасці. Бо ніякае зло не згладжвае іншае зло, ніякая помста не выкупляе несправядлівасці, ніякая прыкрасць не ідзе на карысць сэрцу, ніякая замкнёнасць не збліжае]”

, - заклікаў Папа.

Ён заахвоціў цыган прымаць актыўны ўдзел у жыцці грамадства і ўзбагачаць яго каштоўнасцямі, якія складаюць іх сутнасць і гісторыю, а менавіта, шанаваннем жыцця і сям’і, салідарнасцю, гасціннасцю, узаемападтрымкай і абаронай найбольш слабых, добраахвотнасцю і жыццярадаснасцю.

Нарэшце, Папа запрасіў прадстаўнікоў цыганскай супольнасці сумесна будаваць “больш чалавечны свет, пераадольваючы страхі і падазронасць, разбураючы бар’еры, што аддзяляюць ад іншых, жывіць узаемную веру ў цярплівыя і ніколі не марныя пошукі братэрства”.

“Гэтая сустрэча – апошняя ў маім візіце ў Румынію. Я прыбыў у гэтую прыгожую і гасцінную краіну для сустрэчы як пілігрым і брат. І цяпер вяртаюся дадому ўзбагачаны, несучы з сабою месцы і моманты, але асабліва твары. Вашыя твары расквецяць мае ўспаміны і паселяцца ў маёй малітве”, - паабяцаў Францішак напрыканцы сустрэчы, якой завяршылася афіцыйная праграма яго падарожжа ў Румынію.

Рэпартаж аб сустрэчы Папы з цыганскай супольнасцю
Навіна ў фармаце аўдыё
02 чэрвеня 2019, 15:13