Vatican News

Капеланы грамадзянскай авіяцыі на аўдыенцыі ў Пантыфіка

Папа падзякаваў капеланам грамадзянскай авіяцыі за іх служэнне. 10 чэрвеня 2019 г. ён прыняў удзельнікаў форума, арганізаванага Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека.

Францішак заўважыў, што сёння аэрапорты сталі месцам, дзе сустракаюцца мільёны людзей розных нацыянальнасцей, культур, рэлігій і моў. Таму вельмі важна ў гэтай абстаноўцы несці пасланне і прысутнасць Хрыста, Добрую Навіну пра пяшчотную Божую любоў і надзею.

“Я заклікаю вас выконваць служэнне з прыхільнасцю і энтузіязмам, гледзячы сэрцам Хрыстовым на тысячы твараў, якія праходзяць міма, каб кожны мог адчуць прысутнасць Бога”, - сказаў Пантыфік.

На яго думку, аэрапорты павінны быць дзвярыма і мастамі для сустрэчы з Богам і адно з адным, месцам, дзе згубленыя авечкі змогуць знайсці сапраўдных пастыраў, дзе кожны зможа адчуць сябе свабодна, адкрыць сэрца, распачаць працэс вяртання да дома Айца, які па розных прычынах даўно пакінуў. Папа заклікаў капеланаў прыцягваць да душпастырства ў аэрапортах свецкіх вернікаў.

Францішак узгадаў пра працу пілотаў і экіпажу, якую нялёгка збалансаваць з асабістым і сямейным жыццём. Прысутнасць святара важная таксама і для іх. Сяброўства, блізкасць і час, прысвечаны ім і іх сем’ям, прама ці ўскосна, могуць вельмі ім дапамагчы.

Святы Айцец даверыў працу капеланаў Маці Божай з Ларэта, апякунцы грамадзянскай авіяцыі.

Навіна ў фармаце аўдыё
10 чэрвеня 2019, 14:46