pope-francis--regina-coeli-prayer-1558266533803.jpg

Папа перад “Уладарка неба”: любоў робіць нас новымі людзьмі

Бог любіць нас значна больш, чым мы любім сябе, - запэўніў Францішак у медытацыі перад малітвай “Уладарка неба”, якую прамовіў 19 мая 2019 г. апоўдні з вернікамі, якія сабраліся на плошчы св. Пятра.

Прапануем поўны тэкст разважання Пантыфіка:

“Сённяшняе Евангелле запрашае нас у Вячэрнік, каб маглі пачуць словы, якімі Езус звярнуўся да вучняў у “развітальнай прамове” перад сваёй мукай. Пасля абмыцця ног дванаццаці апосталам, кажа ім: “Новую запаведзь даю вам, каб вы любілі адзін аднаго. Як Я палюбіў вас, так і вы любіце адзін аднаго” (Ян 13, 34). У якім сэнсе Езус называе гэтую запаведзь “новай”? Мы ведаем, што ў Старым Запавеце Бог загадаў свайму народу любіць бліжняга, як самога сябе. Сам Езус, тым, хто пытаў яго, якая запаведзь Закона найбольшая, кажа, што першая: любіць Бога ўсім сэрцам, а другая: любіць бліжняга, як самога сябе (Мц 22, 38-39).

“[Так што новага ў запаведзі, якую Езус даверыў сваім вучням, перш чым пакінуў гэты свет? Старая запаведзь любові стала новай, паколькі была дапоўнена наступнымі словамі: “Як Я палюбіў вас”. Уся навізна заключаецца ў любові Езуса Хрыста, той, з якой аддаў сваё жыццё за нас.]”

Гаворка ідзе пра любоў Бога, усеагульную, безумоўную і бязмежную, кульмінацыя якой адбываецца на крыжы. У гэты момант самай радыкальнай пакоры і даверу Айцу, Сын Божы аб’явіў і даў свету паўнату любові. Успамінаючы муку і агонію Хрыста, вучні зразумелі сэнс яго слоў: “Каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас”.

“[Езус палюбіў нас першым, палюбіў, нягледзячы на нашу тленнасць, нашы чалавечыя абмежаванні і слабасці. Гэта Ён зрабіў нас годнымі сваёй любові, якая не ведае меж і ніколі не сканчаецца.]”

Даючы нам новую запаведзь, заклікае нас любіць адзін аднаго не толькі і не столькі нашай любоўю, але Яго любоўю, якую Святы Дух вылівае ў нашы сэрцы, калі просім Яго з верай. Такім чынам, – і выключна такім чынам – мы можам любіць адзін аднаго не толькі так, як мы любім сябе, але, як Ён палюбіў нас, а гэта значна больш. Бог любіць нас значна больш, чым мы любім сябе. Такім чынам мы можам распаўсюджваць насенне любові, якая абнаўляе адносіны паміж людзьмі і адкрывае перспектывы надзеі. 

“[Гэтая любоў робіць нас новымі людзьмі, братамі і сёстрамі ў Пану, робіць нас новым Божым народам, Касцёлам, дзе ўсе пакліканыя любіць Хрыста і ў Ім любіць адзін аднаго.]”

Любоў, якая аб’яўляе сябе ў Хрыстовым крыжы, і якой Ён заклікае нас жыць, гэта адзіная сіла, якая ператварае наша каменнае сэрца ў сэрца з плоці; якая робіць нас здольнымі любіць ворагаў і прабачаць тых, хто пакрыўдзіў нас; якая прымушае нас успрымаць іншага ў якасці цяперашняга або будучага члена супольнасці сяброў Езуса; якая падахвочвае нас да дыялогу і дапамагае нам лепш слухаць і ведаць адзін аднаго. Любоў адкрывае нас для іншых, становячыся асновай чалавечых адносін. Дазваляе нам пераадольваць бар’еры нашых уласных слабасцей і забабонаў, стварае масты, вучыць новым шляхам, выклікае братэрскі дынамізм.

Няхай Дзева Марыя дапаможа нам сваім матчыным заступніцтвам прымаць ад свайго Сына Езуса дар Яго запаведзі, а ад Святога Духа, моц яе рэалізацыі ў паўсядзённым жыцці”, - сказаў Святы Айцец.

“Жадаю ўсім добрай нядзелі. Памятайце пра мяне ў малітве. Смачнага абеду і да пабачэння!”, - такімі словамі Францішак развітаўся з вернікамі пасля марыйнай малітвы.

Навіна ў фармаце аўдыё
19 мая 2019, 14:21