Наступствы шторму ў Непале Наступствы шторму ў Непале 

Святы Айцец моліцца за ахвяр шторму ў Непале

Францішак выказаў салідарнасць з пацярпелымі ў выніку шторму ў Непале. Спачувальную тэлеграму ад яго імя даслаў кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін.

“Даведаўшыся пра трагічную гібель людзей і разбуранае жыллё, выкліканыя нядаўнім штормам на поўдні Непала, Яго Святасць Францішак выказвае сваю салідарнасць з усімі пацярпелымі ў выніку гэтага стыхійнага бедства”, - гаворыцца ў пасланні.

Пантыфік запэўнівае ў малітве ўсе сем’і, члены якіх загінулі або атрымалі раненні ў выніку прыроднага катаклізму. “Яго Святасць асаблівым чынам моліцца за ахвяр і заклікае супрацоўнікаў ратавальных службаў, працягваць аказваць дапамогу тым, хто ў ёй мае патрэбу. Францішак моліцца аб Боскім благаслаўленні, суцяшэнні, аздараўленні і сілах для ўсяго непальскага народа”, - падкрэсліваецца ў тэлеграме.

Шторм абрынуўся на поўдзень Непала на пачатку красавіка. Паведамляецца, што яго ахвярамі сталі па меншай меры трыццаць чалавек. Сотні людзей атрымалі раненні. Эпіцэнтрам трагедыі стала тэрыторыя на поўдзень ад сталіцы дзяржавы, горада Катманду.

Навіна ў фармаце аўдыё
05 красавіка 2019, 11:53