Фрагмент карціны Леанарда да Вінчы "Святы Іерамін у пустыні" Фрагмент карціны Леанарда да Вінчы "Святы Іерамін у пустыні" 

Ватыкан: унікальная выстава шэдэўра Леанарда да Вінчы

На працягу трох месяцаў, з 22 сакавіка па 22 чэрвеня 2019 г., у Ватыкане будзе праходзіць выстава аднаго твору – незавершанай карціны Леанарда да Вінчы “Святы Іеранім у пустыні”.

Шэдэўр захоўваецца ў Ватыканскай пінакатэцы, але з нагоды 500-годдзя смерці генія эпохі Адраджэння ён будзе часова перанесены ў выставачную залу ў крыле Карла Вялікага каланады плошчы св. Пятра. Тут у шматлікіх пілігрымаў, турыстаў і аматараў мастацтва будзе магчымасць убачыць яго бясплатна.

Карціна “Святы Іеранім у пустыні” пісалася ў перыяд паміж 1480-1482 гг. Яна не была завершана і таму лічыцца адным з самых цікавых твораў Леанарда Да Вінчы. Асаблівасцю шэдэўра з’яўляецца той факт, што яго аўтарства ніколі не падвяргалася сумневу.

Леанарда да Вінчы прадставіў св. Іераніма ў момант пакаяння, а не працы над перакладам Святога Пісання, як гэта рабілі большасць мастакоў таго часу.

Карціна дайшла да нашага часу ў пашкоджаным выглядзе. Яна была моцна абрэзана, а потым падзелена на дзве часткі. Іх сабраў разам французскі кардынал Жозэф Фэш, вялікі аматар мастацтва і пляменнік імператара Напалеона. Згодна з пажаданнем папы Пія ІХ, у 1856 г. твор быў набыты Ватыканскімі музеямі.

Пасля экспанавання ў крыле Карла Вялікага каланады плошчы св. Пятра, карціна будзе выстаўлена ў Метраполітэн-музей у Нью-Ёрку (з ліпеня па кастрычнік 2019 г.), а затым у парыжскім Луўры (з кастрычніка 2019 г. па люты 2020 г.).

Навіна ў фармаце аўдыё
21 сакавіка 2019, 13:17