Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота 

“Дэкалог шчасця” ад Францішка да Сусветнага дня шчасця

Вучэнне папы Францішка на тэму шчасця можа паслужыць асновай для адмысловага дэкалогу радасці, які дарэчы скласці напярэдадні Сусветнага дня шчасця, што адзначаецца 20 сакавіка.

Мы сабралі выказванні Папы падчас гамілій і прамоў на гэтую тэму.

1. Радасць пачынаецца з уважлівасці да іншых. “Калі ўнутранае жыццё замыкаецца на ўласных інтарэсах” і “ў ім не застаецца месца для іншых”, тады ўжо немагчыма цешыцца “салодкай радасцю” любові, адзначае Францішак і заклікае перамагаць спакусу эгаізму, самаізаляцыі і веры ў самадастатковасць.

2. Праганяць меланхолію. Францішак любіць цытаваць кнігу Мудрасці Сіраха: “Дзіця, калі маеш магчымасць, дбай пра сваё дабро (…) Не пазбаўляй сябе шчаслівага дня” (Сір 14, 11. 14). “Хрысціянства складаецца не з шэрагу забаронаў, якія душаць нашае жаданне шчасця, але з задумы жыцця, здольнай зачараваць нашыя сэрцы”, - кажа Папа. Сапраўдная святасць – гэта радасць, таму што “сумны святы – гэта злы святы”, нагадвае Францішак.

3. Радасць даюць не ўлада, грошы і кароткачасовыя задавальненні, але любоў. “Шчасце – гэта не рэч, якую можна набыць у супермаркеце. Шчасце прыходзіць, толькі калі любім і дазваляем сябе любіць”, - вучыць Пантыфік.

4. Мець пачуццё гумару. Шлях радасці выраблены таксама з пачуцця гумару: умець смяяцца з рэчаў, з іншых і з саміх сябе – глыбока чалавечная здольнасць, стаўленне, “блізкае да ласкі. Гэта той станоўчы рэлятывізм, рэлятывізм радасці”, што “нараджаецца з Духа Святога”, перакананы Францішак.

5. Умець дзякаваць. Радасць – гэта здольнасць бачыць дары, які атрымліваем штодня. Гэта здзіўленне перад прыгажосцю жыцця, вялікіх і малых рэчаў, якія напаўняюць нашыя будні, адзначае Францішак.

6. Умець прабачаць і прасіць прабачэння. У сэрцы, поўным злосці і крыўды, няма месца для шчасця. Хто не прабачае – наносіць шкоду сам сабе. Нянавісць спараджае самоту. Крыніцай радасці ад прабачэння, па словах Францішка, з’яўляецца ўсведамленне таго, што нас прабачыў Бог.

7. Радасць руплівасці і адпачынку. Папа запрашае адчуць радасць ад працы з іншымі і на карысць іншых з мэтай будаўніцтва больш справядлівага і брацкага свету. Гэта значыць, пражываць цяжкасці кожнага дня ў духу Благаслаўленняў: вось “шлях сапраўднага шчасця”, які нам указаў Езус.

8. Малітва і братэрства. “Малітва перамяняе рэчаіснасць, не будзем забываць пра гэта. (...) Малітва да сённяшняга дня застаецца перамогай над адзіноцтвам і роспаччу”, - кажа Францішак. Адначасова ён перасцерагае ад спакусы індывідуалізму: “Паасобку немагчыма дасягнуць мэты. Так, дасягнеш поспеху ў жыцці, але без любові, без паплечнікаў, без прыналежнасці да народа, без таго прыгожага вопыту, якім з’яўляецца сумесная рызыка. Немагчыма ісці паасобку”, - падкрэслівае Святы Айцец.

9. Аддаць сябе ў Божыя рукі. У жыцці бывае час крыжа, моманты цемры, якія прымушаюць думаць, што Бог нас пакінуў. У такія моманты, як ніколі, трэба аддаць сябе ў рукі Бога. Такім чынам можна апынуцца “на першай ступені радасці”, якой з’яўляецца супакой, той глыбокі супакой, які зыходзіць з поўнага даручэння сябе Богу, запэўнівае Францішак.

10. Ведаць, што цябе любяць. “Шчасце не палягае на тым, каб штосьці мець або кімсьці быць, не. Сапраўднае шчасце ў тым, каб быць з Панам і жыць дзеля любові”, - нагадвае Францішак.

Навіна ў фармаце аўдыё
19 сакавіка 2019, 14:44