Лагатып папскага падарожжа ў Румынію Лагатып папскага падарожжа ў Румынію 

Францішак здзейсніць Апостальскае падарожжа ў Румынію

У шэрагу міжнародных падарожжаў Францішка ў 2019 г. з’явілася яшчэ адно: пасля паездкі ў Балгарыю і Македонію, абвешчанай на 5-7 мая 2019 г., Папа адправіцца ў Румынію, паведаміла 11 студзеня Зала Друку.

У пераважна праваслаўнай краіне ён будзе знаходзіцца з 31 мая па 2 чэрвеня. Дэвіз Апостальскага падарожжа: “Ідзём разам”. На лагатыпе: Божы народ, якія ідзе пад абаронай Багародзіцы. Выява спасылаецца на тое, што Румынію часта называюць “Садам Маці Божай”. Гэту формулу выкарыстоўваў і Ян Павел ІІ падчас свайго візіту ў краіну. Лагатып аформлены ў колерах нацыянальнага сцяга Румыніі: сінім, жоўтым і чырвоным.

Пантыфік наведае чатыры гарады: Бухарэст, сталіцу, дзе, магчыма, адбудзецца сустрэча з праваслаўным Патрыярхам Даніілам; Блаж, дзе ў 1795 г. быў выдадзены першы пераклад Бібліі на румынскую мову; Ясы, першую лацінскую дыяцэзію ў краіне, якую разам у Бухарэстам заснаваў у 1883 г. Леў XIII; а таксама Меркура-Чук, дзе знаходзіцца санктуарый, месца штогадовай пілігрымкі католікаў з Венгрыі і Румыніі.

Ян Павел II наведаў Румынію 7-9 мая 1999 г. Тады адбылася гістарычная сустрэча з тагачасным праваслаўным Патрыярхам Феактыстам. Падчас Боскай літургіі ва ўсходнім абрадзе, якая праходзіла ў катэдры св. Юзафа ў Бухарэсце, ён ушанаваў сем грэка-каталіцкіх мучанікаў.

Найбольш распаўсюджанае ў Румыніі – праваслаўе, па дадзеных агульнанацыянальнай перапісу 2002 г. да гэтай канфесіі аднеслі сябе 86,7% грамадзян. Католікаў лацінскага абраду тут каля 4,7%, грэка-католікаў – 0,9%, пратэстантаў – 6,5%.

Навіна ў фармаце аўдыё
11 студзеня 2019, 11:45