Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Францішак да “SIR”: журналіст – не прафесія, а місія

Святы Айцец павіншаваў італьянскае каталіцкае інфармацыйнае агенцтва “SIR” з 30-годдзем дзейнасці. Віншавальнае пасланне ён скіраваў на імя кіраўніка гэтай структуры Вінчэнца Карада.

“30 гадоў – цудоўны вынік, але гэта не з’яўляецца і не павінна лічыцца канчатковым пунктам”, - напісаў Папа. Ён пажадаў, каб агенцтва працягвала заставацца выключным праектам, які спалучае навіны аб жыцці Касцёла з інфармацыяй грамадскага і культурнага характару, а таксама спрыяе “інфармацыйнай супольнасці, заснаванай на праўдзівасці і ўзаемнасці”.

Перад абліччам распаўсюджанага сёння феномену “фэйкавых навін”, Папа заклікаў журналістаў заўсёды імкнуцца да праўды. “Гэта самае эфектыўнай супрацьяддзе ад фальшы. І памятайце, “каб распазнаваць праўду, трэба адсейваць тое, што спрыяе адзінству і садзейнічае дабру, ад таго, што, наадварот, мае на мэце ізаляванне, падзелы і супрацьстаянне”, - напісаў Пантыфік.

Святы Айцец заклікаў журналістаў станавіцца “голасам тых, хто не мае голасу”.

“[Працягвайце асвятляць сваімі інфармацыйнымі фарамі ўсе перыферыі. Бярыце на сябе камунікацыйны цяжар гісторый, якія распавядаеце. Станавіцеся ўсё больш спрагнёнымі праўды. Будзьце абаронцамі навін]”

- запрасіў Папа.

Паводле Францішка, журналіст у сучасным свеце, гэта не толькі прафесія, а сапраўдная місія. У патоку навін і віры сенсацый, яго заданне заключаецца ў тым, каб памятаць, што ў цэнтры навіны знаходзіцца не хуткасць, з якой яна перадаецца, і не ўздзеянне на аўдыторыю, але людзі. “Інфармаваць – значыць фарміраваць і працаваць з жыццём людзей”, - адзначыў ён.

“Дарагія сябры, я суправаджаю вас у вашай працы, жадаю быць гатовымі слухаць і весці шчыры дыялог, каб дазволіць заззяць праўдзе. Заклікаю вас усё больш і больш імкнуцца да паўнаты якаснай інфармацыі, здольнай будаваць масты разумення і дыялогу. Крочце, як рабілі дагэтуль, па прыгожых і складаных сцежках разважлівасці, не сыходзячы на кампрамісы ні з кім. Будзьце свабоднымі і далёкімі ад рэдукцыйных мадэляў. Дапамагайце разумець факты ў іх складанасці і глыбокім значэнні”, - напісаў Папа на заканчэнне свайго паслання.

Навіна ў фармаце аўдыё
29 кастрычніка 2018, 11:42