Папа сустрэўся з біскупамі, якія прымалі ўдзел у рэкалекцыях
Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане каля 40 біскупаў, якія 20 жніўня-3 верасня 2018 г. прымалі ўдзел у духоўных практыкаваннях, арганізаваных Кангрэгацыяй па справах Біскупаў.
Зала Друку Апостальскай Сталіцы паведаміла, што рэкалекцыі праводзіліся згодна з пажаданнем Святога Айца, які хацеў, каб кожны год існавала магчымасць для духоўнага абнаўлення у тых пастыраў, якія атрымалі біскупскае пасвячэнне пяць або шэсць гадоў таму. Сёлета ў іх прымалі ўдзел іерархі, пасвячаныя ў 2012-2013 гг.
Духоўныя практыкаванні праводзіліся ў два этапы. Першы прайшоў пад кіраўніцтвам больш дасведчанных біскупаў у мястэчку Арыча, недалёка ад Рыма, і быў, галоўным чынам, прысвечаны дзяленню вопытам, радасцямі, цяжкасцямі і выклікамі. Другі этап праводзіўся ў мястэчку Камальдолі, у рэгіёне Таскана, пад кіраўніцтвам групы езуітаў. Ён уключаў у сябе ігнацыянскія рэкалекцыі.
03 верасня 2018, 13:28