Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота 

Францішак: адрачыся ад зла і рабіць дабро

Не дастаткова не рабіць зло, але трэба рабіць дабро, адзначыў Папа перад малітвай “Анёл Панскі”, якая прайшла 12 жніўня 2018 г. на плошчы св. Пятра ў Ватыкане.

У сустрэчы з Пантыфікам прынялі ўдзел каля 70 тыс. юнакоў і дзяўчат, якія прыбылі ў Рым у рамках пілігрымкі, арганізаванай Канферэнцыяй Біскупаў Італіі.

“У сённяшнім другім чытанні св. Павел скіроўвае да нас настойлівы заклік: “Не зневажайце Святога Духа Божага, якім вы запячатаны на дзень адкуплення” (Эф 4,30), - заўважыў Папа. - Але я пытаюся ў вас: якім чынам зневажаем Святога Духа? Усе мы атрымалі Яго ў хросце і канфірмацыі. Таму, каб не зняважыць Святога Духа трэба жыць у адпаведнасці з абяцаннямі хросту, абноўленымі падчас канфірмацыі. Быць адпаведнымі, а не крывадушнымі. Хрысціянін не можа быць крывадушным: павінен жыць паслядоўна. Абяцанні хросту маюць два аспекты: адрачэнне ад зла і адданасць дабру.

Выракацца зла значыць казаць “не” спакусам, граху, шатану. Больш канкрэтна, гэта значыць казаць “не” культуры смерці, якая праяўляецца ва ўцяканні ад рэальнасці да фальшывага шчасця, што выражаецца ў хлусні, падмане, несправядлівасці, парагдзе іншымі людзьмі. Усяму гэтаму трэба сказаць “не”!

“[Новае жыццё, якое было нам дадзена ў хросце, і крыніцай якога з’яўляецца Дух, не прымае паводзіны, кіраваныя пачуццямі падзелу і нязгоды.]”

Таму апостал Павел заклікае выдаліць з нашых сэрцаў “усякую горыч і раздражненне, і гнеў, і крык, і блюзнерства (...) разам з усякай злосцю” (Эф 4,31). Так кажа св. Павел. Гэтыя шэсць элементаў ці заганаў – горыч, раздражненне, гнеў, крык, блюзнерства і ўсякая злосць – парушаюць радасць Духа, атручваюць сэрца і вядуць да знявагі Бога і бліжняга.

Але, каб быць добрым хрысціянінам, не дастаткова не рабіць зло. Неабходна быць адданымі дабру і рабіць дабро. Вось чаму св. Павел працягвае казаць: “Вы ж будзьце адзін да аднаго лагоднымі, міласэрнымі, даруйце адзін аднаму, як і Бог у Хрысце дараваў вам” (Эф 4,32). Часта здараецца, што чуем як нехта кажа: “Я не раблю зла нікому”. І думае, што з’яўляецца святым! Гэта цудоўна, але ці робіш дабро?

“[Колькі людзей не робяць зла, але таксама не робяць і дабра, і іх жыццё прабягае ў абыякавасці, апатыі, раўнадушшы. Такое стаўленне супрацьлеглае Евангеллю, а таксама яно вашаму характару – моладзі, якая па сваёй натуры з’яўляецца дынамічнай, эмацыйнай і адважнай.]”

Памятайце гэтыя словы: добра не рабіць зло, але кепска не рабіць дабро! Так казаў св. Альбэрта Уртада.

Сёння я заклікаю вас быць дзейсна адданымі дабру! Не адчувайце сябе ў парадку, калі не робіце зла, бо гэтага не дастаткова! Кожны адказны за дабро, якое мог зрабіць, але не зрабіў. Не дастаткова не ненавідзець – трэба прабачаць; не дастаткова не мець злосці – трэба маліцца за ворагаў; не дастаткова не быць прычынай падзелаў – трэба несці мір туды, дзе яго няма; не дастаткова не казаць кепска пра іншых – трэба перабіваць, калі чуем, што хтосьці робіць гэта. Трэба спыняць пляткара – гэта значыць рабіць дабро! Калі не будзем супрацьстаяць злу, будзем маўкліва яго ўмацоўваць.

“[Неабходна ўмешвацца там, дзе зло пашыраецца; бо зло пашыраецца там, дзе няма руплівых хрысціян, якія супрацьстаяць яму, якія “паступаюць у любові” (Эф 5,2), згодна з заклікам св. Паўла]”

Дарагая моладзь, у гэтыя дні вы прайшлі доўгі шлях! Паколькі вы натрэніраваныя я магу вам сказаць: паступайце ў любові! Будзем пілігрымаваць разам у напрамку Сінода Біскупаў. Няхай Панна Марыя падтрымлівае нас сваім матчыным заступніцтвам, каб кожны з нас, штодня, сваімі ўчынкамі мог казаць “не” злу і “так” дабру.

Пасля марыйнай малітвы Францішак яшчэ раз прывітаў удзельнікаў моладзевай пілігрымкі, арганізаванай Канферэнцыяй Біскупаў Італіі. Ён заклікаў юнакоў і дзяўчат, каб вярнуўшыся ў свае дыяцэзіі, сведчылі аб радасці і касцёльнай еднасці, якія змаглі сустрэць падчас пілігрымавання і малітвы.

Рэпартаж з малітвы "Анёл Панскі" ў Ватыкане
Навіна ў фармаце аўдыё


 

12 жніўня 2018, 12:40