Папа падчас сустрэчы на малітве "Анёл Панскі" Папа падчас сустрэчы на малітве "Анёл Панскі" 

Папа перад “Анёл Панскі” пра тры дзеясловы пастыра

Праўдзе прысвяціў свае разважанні перад малітвай “Анёл Панскі” 22 ліпеня 2018 г. Папа. Без праўды, якой з’яўляецца Хрыстус, не можна знайсці правільнай арыентацыі ў жыцці, падкрэсліў ён.

Паводле дадзеных Ватыканскай жандармерыі, Пантыфіка на плошчы св. Пятра слухалі 25 тыс. чалавек.

“Сённяшняе Евангелле (Мк 6, 30-34) кажа нам, што апосталы пасля сваёй першай місіі вярнуліся да Езуса і расказалі Яму “ўсё, што зрабілі і чаму навучылі” (Мк 6, 30), - нагадаў Папа. - Яны маюць патрэбу ў адпачынку пасля, вядома, цікавага але і знясільваючага досведу місіі. І Езус, поўны разумення, клапоціцца пра забеспячэнне неабходнай для іх палёгкі і кажа: “Пайдзіце адны ў пустыннае месца і крыху адпачніце” (Мк 6, 30). Нарэшце, крыху заслужанага адпачынку! Але на гэты раз намер Езуса не можа быць рэалізаваны, паколькі натоўп, адчуваючы, дзе можа быць гэта адасобленае месца, куды мог бы пайсці разам з вучнямі, пабег туды, апярэдзіўшы іх.

“[Тое ж можа адбыцца і сёння. Часам мы не ў стане рэалізаваць сваіх планаў, таму што з’яўляецца нешта тэрміновае і нечаканае, якое перакрэслівае іх і патрабуе гнуткасці і гатоўнасці адказваць на патрэбы іншых.]”

У такіх абставінах, мы пакліканы прытрымлівацца таго, што рабіў Езус: “Выйшаўшы, Езус убачыў мноства людзей і злітаваўся над імі, бо яны былі як авечкі без пастыра. І пачаў іх вучыць многаму (Мк 6, 34). У гэтым кароткім сказе евангеліст робіць унікальнай інтэнсіўнасці ўспышку, фатаграфуючы вочы Боскага Настаўніка і яго стаўленне.

“[Варта звярнуць увагу на тры дзеясловы гэтай фатаграфіі: убачыць, злітавацца, вучыць. Мы можам назваць іх трыма дзеясловамі пастыра.]”

Позірк Езуса не з’яўляецца нейтральным, ці яшчэ горш, халодным і абыякавым, таму што Ён заўсёды глядзіць вачыма сэрца. І Яго сэрца настолькі адчувальнае і літасцівае, што Ён можа зразумець нават самыя схаваныя патрэбы людзей. Больш за тое, Яго спачуванне не азначае толькі эмацыйнай рэакцыі на сітуацыі чалавечых цяжкасцей, гэта нашмат больш: стаўленне і схільнасць Бога адносна чалавека і яго гісторыі. Езус выступае ў якасці рэалізацыі адмысловай увагі і клопату Бога адносна свайго народа.

Улічваючы, што Езус быў крануты, бачачы ўсіх тых людзей, якія мелі патрэбу ў дапамозе і кіраўніцтве, можна было б чакаць, што цяпер Ён зробіць цуд. У той час, Ён пачаў іх вучыць многаму. Гэта першы хлеб, які Месія дае галоднаму і разгубленаму натоўпу: хлеб Слова.

“[Нам усім патрэбныя словы праўды, якія павядуць нас і асвецяць нам шлях. Без праўды, Якой ёсць сам Хрыстус, не можна знайсці правільнай арыентацыі жыцця.]”

Калі мы сыходзім ад Езуса і ад Яго любові, мы блукаем, а існаванне ператвараецца ў расчараванне і незадаволенасць. Маючы Езуса побач, мы можам смела рухацца наперад, можам пераадолець выпрабаванні, развівацца ў любові да Бога і бліжняга. Езус зрабіў з сябе дар для іншых, стаўшы, такім чынам, мадэллю любові і служэння для ўсіх нас.

Няхай Дзева Марыя дапаможа нам браць на сябе праблемы, цяжкасці і пакуты нашага бліжняга праз стаўленне абмену і служэння”, - сказаў Пантыфік у сваіх разважаннях.

Пасля марыйнай малітвы Францішак прывітаў вернікаў, сабраных на ватыканскай плошчы і папрасіў іх аб малітве ў яго інтэнцыі.

Рэпартаж з плошчы св. Пятра
Навіна ў фармаце аўдыё
22 ліпеня 2018, 14:13