Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Францішак заклікаў свет да “экалагічнага навяртання”

Зніжэнне выкідаў вуглякіслага газу ў атмасферу патрабуе сумленнасці, мужнасці і адказнасці, асабліва з боку найбольш магутных дзяржаў, перакананы Пантыфік.

Прымаючы 6 ліпеня 2018 г. на аўдыенцыі ў Ватыкане ўдзельнікаў Міжнароднай экалагічнай канферэнцыі, скліканай з нагоды трэцяй гадавіны энцыклікі “Laudato si’”, Францішак адзначыў, што для прадухілення рэальнай пагрозы “пакінуць будучым пакаленням кучы абломкаў, пустыні і смецце” патрэбна “сумесная і ўзгодненая дзейнасць інтэгральнай экалогіі”.

Паводле Святога Айца, Сусветная канферэнцыя ААН па пытаннях кліматычных змен (COP24), якая пройдзе ў снежні 2018 г. у Польшчы, можа стаць вяхой на шляху, вызначаным Парыжскім пагадненнем па клімаце 2015 г.

“[Мы ўсе ведаем, што многае павінна быць зроблена для рэалізацыі гэтага пагаднення. Усім ўрадам варта рабіць намаганні па выкананні абавязкаў, узятых у Парыжы, каб пазбегнуць горшых наступстваў кліматычнага крызісу. Зніжэнне выкідаў вуглякіслага газу ў атмасферу патрабуе сумленнасці, мужнасці і адказнасці, асабліва з боку найбольш магутных дзяржаў, маючых найвялікшы забруджвальны эфект. Мы не можам дазволіць сабе губляць час у гэтым працэсе,]”

– падкрэсліў Пантыфік.

Свой унёсак “у распаўсюджванне культуры і практыкі інтэгральнай экалогіі”, на думку Францішка, могуць і павінны рабіць мясцовыя ўлады, прадстаўнікі грамадскіх супольнасцей, рэлігійныя арганізацыі і фінансавыя інстытуты.

“[Неабходна зрушыць фінансавую парадыгму ў напрамку пашырэння ідэі інтэгральнага развіцця чалавека. Міжнародныя арганізацыі, як, напрыклад, Міжнародны валютны фонд і Сусветны Банк, могуць спрыяць эфектыўным рэформам на карысць больш інклюзіўнага і ўстойлівага развіцця,]”

– выказаў меркаванне Папа.

Нарэшце, рэлігіі, асабліва хрысціянскія Цэрквы, адыгрываюць, па словах Пантыфіка, ключавую ролю ў працэсе “экалагічнага навяртання”. Побач з імі – моладзь і карэнныя насельніцтвы тых ці іншых рэгіёнаў планеты, цэнтральныя дзеючыя асобы двух бліжэйшых Сінодаў Біскупаў.

“[Сумна бачыць, як праз новыя формы каланіялізму, што жывяцца культурай адчужэння і спажывальніцтва, карэнныя народы пазбаўляюцца ўласных зямель, як растоптваецца іх культура,]”

– прызнаўся Святы Айцец.

Ён заахвоціў удзельнікаў экалагічнага форуму “працаваць дзеля радыкальных перамен”, запэўніўшы, што “несправядлівасць не з’яўляецца непераможнай”.

Міжнародная экалагічная канферэнцыя з нагоды трэцяй гадавіны энцыклікі “Laudato si’” праходзіла 5-6 ліпеня 2018 г. у Ватыкане па ініцыятыве Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека.

Навіна ў фармаце аўдыё
06 ліпеня 2018, 14:50