Экуменічная малітва ў інтэнцыі міру на Блізкім Усходзе на набярэжнай Бары Экуменічная малітва ў інтэнцыі міру на Блізкім Усходзе на набярэжнай Бары 

Францішак: Блізкі Усход без хрысціян не будзе Блізкім Усходам

“Давайце маліцца разам, просячы Пана аб міры, які зямныя ўлады яшчэ не здолелі адшукаць”, – заклікаў Францішак падчас экуменічнай малітвы ў інтэнцыі міру на Блізкім Усходзе на набярэжнай горада Бары.

Паўднёвы прыбярэжны горад Бары – гэта “шырока расчыненае акно ў бок сумежнага Усходу”, “горад сустрэчы і гасціннасці”, адзначыў Святы Айцец на распачацце малітвы з удзелам Патрыярхаў Усходніх Цэркваў, кожны з якіх, па словах Папы, нясе ў сваім сэрцы “Цэрквы, народы і шматлікіх асобаў, якія перажываюць сітуацыі вялікай пакуты”, і ўдзелам у гэтай малітве жадае сказаць ім: “Мы побач з вамі”.

“[Блізкі Усход – скрыжаванне цывілізацый і калыска вялікіх монатэістычных рэлігій. Туды прыйшоў наведаць нас Пан, “Усход з вышыні” (Лк 1,78). Адтуль распаўсюдзілася па ўсім свеце святло веры. Адтуль выцякаюць свежыя крыніцы духоўнасці і манаства. Там захоўваюцца ўнікальныя старажытныя абрады і бясцэнныя каштоўнасці сакральнага мастацтва і багаслоўя, там прабывае спадчына вялікіх Айцоў Касцёла. Гэта традыцыя – скарб, які трэба захоўваць усімі сіламі, бо на Блізкім Усходзе знаходзяцца карані нашых душаў,]”

– сказаў Пантыфік.

Гэтая неабходнасць, паводле Францішка, становіцца яшчэ больш відавочнай перад абліччам таго зла, якое навісла сёння над рэгіёнам у выглядзе “вайны, жорсткасці, разбурэння, акупацый і розных форм фундаменталізму, вымушанай міграцыі і сыходу” – зла, якое “чыніцца многімі і мае шматлікіх саўдзельнікаў”.

“[Блізкі Усход стаў зямлёй народу, які пакідае ўласную тэрыторыю. І ёсць рызыка, што прысутнасць там нашых братоў і сясцёр у веры будзе выкасавана, сказіўшы аблічча рэгіёну, бо Блізкі Усход без хрысціян не будзе Блізкім Усходам,]”

– выказаў занепакоенасць Францішак.

Ён заклікаў прысутных на малітве Патрыярхаў і вернікаў “запаліць зніч надзеі”, памятаючы пра тое, што хрысціяне застаюцца “святлом свету” (Мц 5,14) “нават у цёмныя моманты гісторыі”, “калі не скараюцца цемры, якая ўсё ахінае, але жывяць кнот надзеі алеем малітвы і любові”.

“[Ад Ніла да Іарданскай даліны і далей, дасягаючы ракі Аронт, аж да Тыгра і Еўфрата няхай гучыць вокліч Псальма: “Мір табе!” (122,8),]”

– пажадаў Пантыфік. “Няхай будзе мір!” – гэтую малітву Папа супрацьпаставіў любым праявам нянавісці і смерці.

“[Абыякавасць забівае, а мы хочам быць голасам, які супрацьстаіць забойству абыякавасці. Мы хочам даць голас тым, хто не мае голасу, тым, хто можа толькі глытаць слёзы, бо Блізкі Усход сёння плача, пакутуе і маўчыць, пакуль іншыя топчуць яго ў пошуку ўлады і багаццяў. За малых, простых, параненых, за тых, на чыім баку знаходзіцца Бог, мы просім: няхай будзе мір!]”

– прамовіў Святы Айцец.

Пасля сумеснай малітвы на набярэжнай Бары Францішак і Патрыярхі Усходніх Цэркваў вярнуліся ў базыліку св. Мікалая для правядзення запланаванага амаль трохгадзіннага дыялогу за зачыненымі дзвярыма.

Навіна ў фармаце аўдыё
07 ліпеня 2018, 12:37