Vatican News
Папа падчас св. Імшы ў капліцы сваёй рэзідэнцыі Папа падчас св. Імшы ў капліцы сваёй рэзідэнцыі  (Vatican Media)

Францішак: служыць, а не карыстацца сваім месцам у Касцёле

Чым мы далей ад служэння, тым далей ад паклікання, дадзенага нам Богам, - падкрэсліў Францішак. Адмова ад служэння – гэта форма вераадступніцтва, - лічыць Папа.

У гаміліі падчас ранішняй Эўхарыстыі 7 красавіка 2020 г. Пантыфік спаслаўся словы прарока Ісаі з першага літургічнага чытання (Іс 49, 1-6): “Пан паклікаў мяне з улоння маці”. “Ніхто з нас не прыйшоў на свет выпадкова, кожны мае свой лёс, лёс выбранасці Богам: я нараджаюся з прызначэннем быць Божым сынам, быць Божым слугой, з заданнем служыць, будаваць, ствараць. І гэта ад самага матчынага ўлоння”, - падкрэсліў Папа.

“Служыць – значыць ахвяраваць сабой, дарыць сябе іншым. Служыць – значыць не прэтэндаваць ні на што, акрамя служэння. Служэнне – гэта хвала. Хвалой Хрыста было служэнне да самаадрачэння, да смерці, смерці крыжовай”

, - заўважыў Папа.

Паводле Святога Айца, калі Божы народ адмаўляецца ад служэння, становіцца “народам-вераадступнікам”: адмаўляецца ад паклікання, дадзенага Богам. “І чым далей кожны з нас ад паклікання да служэння, тым далей ён ад Божай любові, будуе сваё жыццё на іншай любові, часта ідалапаклонніцкай”, - папярэдзіў Пантыфік.

Папа заўважыў, што на шляху служэння можна ўпасці, але важна заставацца верным Божаму пакліканню і не адракацца ад служэння – прасіць прабачэння і каяцца па прыкладзе св. Пятра.

“Падумаем сёння пра Езуса, слугу, вернага ў служэнні. Яго пакліканне – гэта служэнне да смерці і смерці крыжовай. Падумаем пра кожнага з нас, часткі Божага народа: мы слугі, мы пакліканы служыць, а не карыстацца нашым месцам у Касцёле. Служыць, заўсёды служыць. Папросім сёння аб ласцы пастаянства ў служэнні…”, - заклікаў на заканчэнне гаміліі Францішак.
 

07 красавіка 2020, 12:11
Чытаць усё >