Папа падчас св. Імшы ў капліцы Дома св. Марты Папа падчас св. Імшы ў капліцы Дома св. Марты 

Папа на ранішняй св. Імшы: барані нас Божа ад граху акедыі

Францішак звярнуў увагу на існаванне хрысціян, якія жывуць у перакананні, што нічога не можна зрабіць, застаецца толькі скардзіцца. Аб гэтым ён разважаў падчас ранішняй св. Імшы 24 сакавіка 2020 г.

Каментуючы евангельскі ўрывак (Ян 5, 1-16) пра вылячэнне паралітыка каля Авечай Брамы, Святы Айцец падкрэсліў небяспеку граху акедыі (грэч. ἀκηδία) – стану нядбайнасці, бесклапотнасці і роспачы, у якім чалавек не бачыць сэнсу ў тым, што робіць.

Папа пачаў з разважання пра ваду, якая з’яўляецца сімвалам выратавання, хаця, як адзначыў, таксама можа быць сродкам разбурэння, як гэта было падчас Патопу... Ужо першае чытанне (Эзх 47, 1-9. 12) сённяшняй літургіі звяртае ўвагу на ваду, якая “выплывае з-пад парога святыні” і прыносіць жыццё. У адрозненне ад гэтага купальня Бэтэзда ў Ерузалеме, пра якую кажа Евангелле (Ян 5, 1-3а. 5-16), была месцам, дзе збіралася шмат хворых, сляпых, кульгавых, паралізаваных, што чакалі вылячэння. Быў там чалавек, які трыццаць восем гадоў імкнуўся першым увайсці ў ваду, каб стаць здаровым. Гэта быў той, хто заўсёды прыходзіць занадта позна, - заўважыў Святы Айцец. “Езус кажа яму: Устань, вазьмі ложа сваё і хадзі. І адразу выздаравеў той чалавек, узяў ложа сваё і пачаў хадзіць”, - працытаваў Папа ўрывак Евангелля св. Яна.

Францішак звярнуў увагу, што гэты чалавек хварэў не толькі целам, але і душой, ён быў хворы на песімізм, смутак і акедыю. На прапанову Езуса, адказаў, скардзячыся на іншых, сам не робячы нічога, каб вылечыцца. Ключавым момантам Евангелля становіцца сустрэча Хрыста з ім у святыні, калі кажа яму: “Вось ты выздаравеў. Не грашы больш, каб не здарылася з табою чаго горшага”.

“Гэты чалавек знаходзіўся ў стане граху, граху адчаю, які з’яўляецца насеннем д’ябла, немагчымасцю прымаць рашэнні аб уласным жыцці, гледзячы на жыццё іншых людзей, каб скардзіцца”

, - адзначыў Папа.

Святы Айцец нагадаў, што стаўленне сляпога ад нараджэння з літургіі мінулай нядзелі было зусім іншым. Ён рашуча і пераканаўча вёў дыскусію з кніжнікамі, прыйшоўшы да веры ў Езуса – Сына Божага.

“Гэтая сцэна прымушае мяне думаць пра шматлікіх хрысціян, якія жывуць у стане акедыі, няздольнасці рабіць нешта, акрамя скаргаў. Акедыя – гэта яд, імгла, якая акружае душу і пазбаўляе яе жыцця. Гэта таксама наркотык, бо калі ты прымаеш яе часта, пачынае падабацца. І, у канцы канцоў, становішся “залежным ад смутку”, “залежным ад акедыі”... Гэта як паветра”, - сказаў Францішак, перасцерагаючы ад шэрага жыцця ў смутку і тузе.

Папа заклікаў перачытаць 5-ты раздзел Евангелля св. Ян і падумаць пра небяспеку патрапіць у “гэты нейтральны грэх, які здаецца ні белым ні чорным”. “І гэта той грэх, які д’ябал можа выкарыстаць, каб разбурыць наша духоўнае жыццё, а таксама наша жыццё як людзей. Няхай Пан дапаможа нам зразумець, наколькі пачварны і згубны гэты грэх”, - сказаў Святы Айцец.

Францішак завяршыў літургію эўхарыстычнай адарацыяй і благаслаўленнем Найсвяцейшым Сакрамэнтам, заахвочваючы вернікаў, якія, сачылі за прамой трансляцыяй, да прыняцця духоўнай св. Камуніі.

Запіс трансляцыі св. Імшы з Папам (24.03.2020)
Навіна ў фармаце аўдыё
24 сакавіка 2020, 12:49
Увесь кантэнт >