Папа падчас св. Імшы ў капліцы сваёй рэзідэнцыі Папа падчас св. Імшы ў капліцы сваёй рэзідэнцыі  (Vatican Media)

Святы Айцец: любоў Бога робіць нас здольнымі любіць

Не шукаць апраўданні, каб не любіць бліжніх, і не баяцца “запэцкаць рукі”, служачы ім з любоўю, - заклікаў Францішак падчас ранішняй Эўхарыстыі, якую 10 студзеня 2020 г. цэлебраваў у Доме св. Марты.

У гаміліі Папа спаслаўся на літургічнае чытанне з Першага паслання святога апостала Яна, які кажа: “Мы любім Бога, бо Ён першы палюбіў нас”. Любоў паходзіць ад Пана. “Я пачынаю любіць ці магу пачаць любіць, бо ведаю, што Ён першы палюбіў мяне”, - заўважыў Пантыфік.

Святы Айцец падкрэсліў, што дзіця, якое з самага маленства атулена любоўю бацькоў, становіцца таксама здольным любіць.Такім самым чынам Бог дзейнічае з намі: Яго любоў нараджае любоў у нас.

Францішак звярнуў увагу на іншыя словы св. Яна: “Калі б хто сказаў: Я люблю Бога, – а брата свайго ненавідзіць, ён ілгун”. Папа падкрэсліў катэгарычнасць апостала: ён не кажа пра “кепска выхаванага” чалавека ці “таго, які памыляецца”, але менавіта пра “ілгуна”.

Рэпартаж з капліцы Дома св. Марты

“Гэтае слова ў Бібліі – выразнае, таму што быць ілгуном, гэта спосаб быцця д’ябла: ён – Вялікі падманшчык, кажа нам Новы Запавет, ён – бацька ілжы. Такое акрэсленне шатана дае нам Біблія. Калі ты кажаш, што любіш Бога і ненавідзіш брата твайго, стаіш на іншым баку: ты ілгун. Тут няма саступак”, - сказаў Папа.

Святы Айцец зазначыў, што многія людзі знаходзяць апраўданні для таго, каб не любіць бліжніх, кажучы, што не могуць прымаць кепскага выхавання ці грубіянства. Але апостал Ян вельмі канкрэтна падкрэслівае: “Той, хто не любіць брата свайго, якога бачыць, не можа любіць Бога, якога не бачыць”. “Калі ты няздольны любіць людзей, ад самых блізкіх да самых далёкіх, не можаш казаць, што любіш Бога: ты ілгун”, - сцвердзіў Пантыфік.

Францішак зазначыў, што любоў павінна быць канкрэтнай, павінна выражацца ў добрых учынках, у гатоўнасці браць на сябе цяжкасці людзей. “Сапраўдная любоў – гэта не дыстыляваная вада: гэта штодзённая вада, з праблемамі, пачуццямі...”, яна не мае нічога супольнага з раўнадушнасцю. Папа нагадаў словы св. Альбэрта Уртада: “Не рабіць зло – гэта добра; а не рабіць дабро – гэта зло”. Сапраўдная любоў павінна падштурхоўваць да добрых учынкаў, да таго, каб не баяцца “запэцкаць рукі”, служачы з любоўю - дадаў Святы Айцец.

Навіна ў фармаце аўдыё
10 студзеня 2020, 11:37
Увесь кантэнт >