Францішак падчас Эўхарыстыі ў Доме св. Марты Францішак падчас Эўхарыстыі ў Доме св. Марты  (Vatican Media)

Папа: калі не абражаем людзей, дапамагаем ім расці

Не абражаць людзей і адкрыцца на прымірэнне, заклікаў Святы Айцец падчас ранішняй Эўхарыстыі, якую цэлебраваў 14 чэрвеня 2018 г. у капліцы сваёй ватыканскай рэзідэнцыі.

У гаміліі Францішак спаслаўся на літургічнае евангельскае чытанне (Мц 5, 20-26), дзе Езус кажа, што перш чым прынесці дар Богу, трэба прымірыцца з бліжнім. На думку Папы, у гэтай парадзе прысутнічае звычайная чалавечая мудрасць, згодна з якой “заўсёды лепш недасканалая згода, чым добрае асуджэнне”.

Пантыфік заўважыў,  што знявагі прыводзяць да забойства іншага чалавека, якое пачынаецца з яго дыскваліфікацыі, адмаўлення яго права на павагу, яго адчужэння на ўзбочыну грамадства.

Францішак зазначыў, што мы “прызвачаіліся дыхаць паветрам абразаў”, узгадаўшы пра “карнавал знявагаў”, які адбываецца падчас дарожных затораў. “Людзі вельмі крэатыўныя, выдумваючы абразы”, - дадаў ён і падкрэсліў, што нярэдка знявагі ператвараюцца ў цяжкія камяні, якія кідаем у людзей, пазбаўляючы іх права голасу. Паводле Папы, часта прычынай для зневажання становіцца зайздрасць.

“[Калі нехта робіць тое, што мне не падабаецца, то выкарыстоўваю абразы і прагну, каб яго лічылі “няпоўнаспраўным” на інтэлектуальным, грамадскім, сямейным узроўні, без магчымасці інтэграцыі. І такім чынам забіваю: забіваю будучыню гэтай асобы, забіваю яе шлях]”

- сказаў ён.

Пантыфік нагадаў словы з Кнігі Мудрасці Саламона, дзе гаворыцца, што “смерць увайшла ў свет праз зайздрасць д’ябла”. Ён дадаў, што людзі часта імкнуцца схаваць сваю зайздрасць, але Езус казаў, што з ёй не можам маліцца і ўдзельнічаць у св. Імшы. Калі ўспомніш, што брат твой мае нешта супраць цябе, ідзі спачатку памірыся з братам сваім, нагадаў ён словы Хрыста.

“Езус вельмі радыкальны. Прымірэнне не тычыцца добрых манераў: гэта радыкальная пазіцыя. Гэта такая пазіцыя, згодна з якой намагаюся шанаваць годнасць іншых людзей, а таксама ўласную. Ад знявагі да прымірэння, ад зайздрасці да сяброўства. Гэта шлях, які Езус нам указвае сёння”, - сказаў Святы Айцец.

На заканчэнне гаміліі Францішак заклікаў вернікаў паразважаць пра тое, ці не абражаюць яны іншых людзей, ці не маюць у сэрцы зайздрасці. “Гэта нялёгка. Але падумайма: як цудоўна ніколі не абражаць іншых. Гэта цудоўна, бо такім чынам мы дапамагаем ім расці. Няхай Пан дасць нам гэту ласку”, - завяршыў Пантыфік.

Рэпартаж з капліцы ватыканскага Дома св. Марты
Навіна ў фармаце аўдыё
14 чэрвеня 2018, 12:36
Увесь кантэнт >