Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Арцыбіскуп Палья пра распаўсюджванне паліятыўнай дапамогі

Паліятыўная дапамога ўяўляе сабой прастору для дзеянняў, якія абараняюць жыццё і чалавека, адхіляючы як неабгрунтаваную тэрапеўтычную ўпартасць, так і эўтаназію, – зазначыў старшыня Папскай акадэміі жыцця арцыбіскуп Вінчэнца Палья з нагоды Дня паліятыўнай дапамогі, які адзначаецца ў Італіі 11 лістапада 2022 года.

Марыя Валодзіна – Vatican News

На думку іерарха, паліятыўная дапамога дазваляе пераадолець адзіноту хворага і маўчанне грамадства на заключных этапах існавання. “Чалавечая смерць для нас, вернікаў, з'яўляецца вялікай прасторай адкрыцця на тую паўнату жыцця, якая чакае нас у адпаведнасці з абяцаннем Езуса,” – адзначыў арцыбіскуп Палья.

Ён нагадаў, што Папская акадэмія жыцця рэалізуе спецыяльны праект, прысвечаны распаўсюджванню паліятыўнай дапамогі ў свеце. У яго рамках было праведзена некалькі міжнародных канферэнцый. У 2019 годзе прадстаўнікі трох абрамічных рэлігій – хрысціянства, юдаізма і ісламу, – падпісалі ў Ватыкане дэкларацыю па пытаннях, якія тычацца заканчэння жыцця.

Акрамя таго, 1 снежня 2023 года адбудзецца вэбінар, прысвечаны перынатальнай паліятыўнай медыцыне. У ім прымуць удзел міжнародныя эксперты, якія абмяркуюць пытанні паліятыўнай дапамогі падчас нараджэння ў выпадку вельмі сур'ёзных захворванняў, часта несумяшчальных з жыццём. Яго мэта – прапанаваць падтрымку і каштоўную дапамогу бацькам будучых дзяцей з цяжкай інваліднасцю. Вэбінар можна разглядаць і ў больш шырокай перспектыве педыятрычнай паліятыўнай дапамогі, якая надае асаблівую ўвагу пакутам непаўналетніх, а таксама псіхалагічнай і духоўнай дапамозе іх бацькам.

У сваёй прамове на пленарным пасяджэнні Папскай акадэміі жыцця ў 2015 годзе Папа заклікаў прафесіяналаў і студэнтаў спецыялізавацца на паліятыўнай медыцыне, якая мае каштоўнасць, нягледзячы на тое, што “не ратуе жыцця”. Паліятыўная апека мае важнае значэнне: яна цэніць чалавека. “Менавіта гэтая здольнасць служыць жыццю і годнасці хворага чалавека, нават калі ён пажылы, вымярае прагрэс медыцыны і ўсяго грамадства,” – нагадаў словы Святога Айца арцыбіскуп Палья.

11 лістапада 2022, 11:09