Крыж, які быў знойдзены ў Нагасакі пасля атамнай бамбардзіроўкі Крыж, які быў знойдзены ў Нагасакі пасля атамнай бамбардзіроўкі 

Японія: Дзесяць дзён малітвы за мір

“Ніякая вайна не з'яўляецца лакальнай праблемай, для хрысціян гэта заўсёды праблема глабальная. У нас задача – сеяць мір, пачынаючы з хатняга агмяню”, - сказаў кіраўнік Папскага інстытута замежных місій (PIME) у Токіо.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Ксёндз Андрэа Лемба пракаментаваў для Vatican News штогадовую ініцыятыву Касцёла ў Японіі – Дзесяць дзён малітвы за мір. Ён адзначыў, што дэвіз сёлетняга паслання мясцовага епіскапату быў узяты са слоў папы Францішка “мір магчымы, мір – гэта абавязак”. Ініцыятыва скіравана да ўсіх хрысціян Японіі, пакліканых аб’яднацца ў імкненні да міру.

З нагоды падзеі арцыбіскуп Такійскі Тарчызіа Кікучы звярнуў увагу на “растаптаны і занядбаны” мір, на год, у якім панавала не “гармонія”, а супрацьстаянне, не салідарнасць, а выключэнне і насілле. Ён назваў уварванне ва Украіну “актам насілля”, вялікай пагрозай, якая “ігнаруе жаданні многіх людзей, што імкнуцца да міру”. Калі “жыццё вядзецца ва ўзаемнай падтрымцы”, адзначыў іерарх, не можа быць і гаворкі пра вайну, але калі насілле забірае чалавечае жыццё, нялёгка казаць пра спачуванне, і голас “страху і гневу” пачынае дамінаваць.

“Касцёл у Японіі, і перш за ўсё Такійская архідыяцэзія, звязаны з Касцёлам у Бірме як Касцёл-сястра, і тое, што там адбываецца, моцна рэзаніруе ў нашых хрысціянскіх супольнасцях. Затым вайна паміж Расіяй і Украінай, якая таксама ўскалыхнула гэту частку свету, і, нарэшце, цяперашні крызіс паміж Кітаем і Тайванем”, - падкрэсліў ксёндз Лемба.

Кіраўнік Папскага інстытута замежных місій назваў памылковым прывыканне да войнаў і ўспрыняцце іх як з’явы лакальнай. “Многія войны разглядаюцца з пункту гледжання эканомікі, фінансаў, светапарадку, але гэта не хрысціянскі спосаб мыслення. Кожная вайна адбіваецца на жыцці людзей, сем'яў, і кожны чалавек, які гіне, – гэта чалавецтва, якое памірае, кожнае страчанае жыццё – гэта страта для ўсяго чалавецтва”, - адзначыў ён. Святар звярнуў увагу на тое, што “пабудова міру патрабуе часу, калектыўных намаганняў, шляху росту, праніклівасці і волі з боку шматлікіх людзей”.
 

17 жніўня 2022, 09:27