Марка Луцага падчас сустрэчы з Францішкам. 2021.06.25 Марка Луцага падчас сустрэчы з Францішкам. 2021.06.25 

Мальтыйскі ордэн: спачуванні Папы пасля смерці месцаахоўніка

Пантыфік падзяляе боль Суверэннага ваеннага Мальтыйскага ордэна ў сувязі з заўчаснай смерцю месцаахоўніка Вялікага магістра.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Фра Марка Луцага памёр у выніку раптоўнай хваробы. Рашэннем Францішка ён кіраваў Ордэнам у чаканні прызначэння новага Вялікага магістра. У адпаведнасці з канстытуцыямі яго зменіць Вялікі камандор Руі Гансалу ду Валье Пейшоту дэ Вільяш-Боас, які, як і яго папярэднік, будзе займаць гэтую пасаду да абрання Вялікага магістра.

У тэлеграме на імя кардынала Сільвана Тамазі, папскага дэлегата пры Ордэне, Папа выказаў сваю блізкасць да ўсіх, хто смуткуе ў сувязі са смерцю Луцага. Ён згадаў “шчодрую прыхільнасць” нябожчыка ў служэнні Ордэну, яго хрысціянскае сведчанне і любоў да Касцёла, а таксама паабяцаў сваю малітву аб вечным спакоі для яго.

Марка Луцага нарадзіўся ў Брэшыі ў 1950 годзе. Вывучаў медыцыну ў Падуанскім і Пармскім універсітэтах, а затым заняўся кіраваннем родавым маёнткам. Ён уступіў у Мальтыйскі ордэн у 1975 годзе. З 2010 года цалкам прысвяціў сябе гэтай арганізацыі, пераехаўшы ў рэгіён Марке, каб курыраваць адну з ініцыятыў рыцараў-гаспітальераў. Праз год ён стаў Камандорам юстыцыі ў Вялікай рымскай прыярыі, затым – дарадцам Італьянскага саюза Мальтыйскага ордэна. Быў у сваяцтве з папам Паўлам VI.

Карані Мальтыйскага ордэна бяруць пачатак ад шпітальнага брацтва, заснаванага ў Іерусаліме ў першай палове ХІ стагоддзя пабожнымі італьянскімі купцамі з Амальфіі. Яны пабудавалі каля Гроба Пана бальніцу для пілігрымаў з Еўропы. Сёння Ордэн актыўна займаецца дабрачыннасцю ў больш чым 120 краінах свету. Мальтыйскія рыцары дапамагаюць ахвярам стыхійных бедстваў і ваенных катаклізмаў. У ХХ стагоддзі дынамічна развівалася таксама іх рэлігійная і дыпламатычная дзейнасць.
 

09 чэрвеня 2022, 10:31