Кардынал Марыё Дзэнары падчас аўдыенцыі ў Папы Кардынал Марыё Дзэнары падчас аўдыенцыі ў Папы 

Нунцый у Сірыі: пасля вайны выбухнула бомба беднасці і голаду

Эканамічная вайна ўсё мацней прыгнятае жыхароў Сірыі, а міжнародная супольнасць апошнім часам зусім забывае пра гэтую краіну, заўважыў Апостальскі нунцый у Дамаску.

Ян Глінскі – Vatican News

Эканамічныя санкцыі, накладзеныя на Сірыю, прывялі да таго, што 90 працэнтаў мясцовых жыхароў апынуліся ў крайняй беднасці, падзяліўся ў інтэрв’ю Vatican News кардынал Марыё Дзэнары.

Пра сітуацыю ў Сірыі іерарх размаўляў таксама з папам Францішкам. “Ён быў моцна засмучоны тым, як развіваецца сітуацыя, абяцаў нам усялякую неабходную дапамогу”, – адзначыў кардынал, нагадаўшы адначасова аб крызісе ў Ліване.

“Без падтрымкі міжнароднай супольнасці гэтыя дзве краіны не змогуць устаць на ногі. Неабходна ініцыяваць працэс адбудовы і эканамічнага ажыўлення”, - дадаў ён.

Па словах нунцыя, “бомбы ў большасці раёнаў ужо не падаюць, але выбухнула страшная бомба беднасці, якая ўдарыла як мінімум па 90 працэнтах грамадства”. “Краіна спустошана, працэс адбудовы не распачаўся, нябачна ніводнага гаспадарчага зруху, а працэс дасягнення міру спыніўся. Беднасць павялічваецца з жахлівымі тэмпамі”, - сцвердзіў кардынал Дзэнары.
 

02 ліпеня 2021, 08:02