Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Завяршаецца кампанія Share the journey на карысць мігрантаў

Чатыры гады працягвалася міжнародная кампанія Share the journey (Ідзём разам), ініцыяваная Касцёлам, якая мела на мэце падтрымаць надзею бежанцаў і мігрантаў на лепшую будучыню.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Сакратар Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, кс. Бруно Мары Дзюфэ адзначыў, што кожны з мігрантаў мае за сабой падарожжа, нясе пакуты і годнасць, патрабуе прызнання і прыняцця ў сваёй унікальнасці і разнастайнасці.

Французскі святар лічыць, што кампанія, якая завяршылася 20 чэрвеня 2021 г., а гэта Сусветны дзень бежанцаў, дапамагла звярнуць увагу многіх на тое, што мігранты – гэта не проста катэгорыя тых, хто знаходзіцца ў патрэбе, а людзі з правамі, талентамі, гісторыяй і надзеяй. “У кожнага з іх ёсць пэўны пасыл. Сустрэча з імі дазваляе нам стварыць агульную гісторыю і пабудаваць разнастайнае грамадства", - адзначыў прадстаўнік Святога Пасаду.

“Кампанія завяршаецца, але мы працягваем жыць з праблемай пошуку разам з мігрантамі, і не толькі для іх, шляху надзеі і міру. Гісторыя чалавецтва – гэта гісторыя сустрэч, узаемнай павагі, што вельмі важна і сёння, і заўтра. Існуе сувязь паміж надзеяй людзей тут, у Еўропе, і надзеяй мігрантаў. Надзея пасля пандэміі – вярнуцца да жыцця простым і братэрскім чынам. Выклікі і надзея мігрантаў заключаюцца ў тым, каб знайсці сяброў, братоў і сясцёр, жыць у іншым грамадстве, у мірным грамадстве, якое дазваляе іх дзецям і ўсім жыць годна”, - звярнуў увагу кс. Дзюфэ.

Share the journey – гэта глабальная кампанія Caritas Internationalis па падтрымцы мігрантаў, натхнёная заклікам Францішка да будавання моцнага грамадства праз “культуру сустрэчы”. На працягу чатырох гадоў структуры папскага дабрачыннага фонду ў 160 краінах даследавалі прычыны міграцыі, магчымасці пераадолення стэрэатыпаў адносна мігрантаў і іх інтэграцыі ў грамадства.
 

21 чэрвеня 2021, 11:25