А. Томас Джозэф Уайт, рэктар Папскага ўніверсітэта св. Тамаша Аквінскага ў Рыме А. Томас Джозэф Уайт, рэктар Папскага ўніверсітэта св. Тамаша Аквінскага ў Рыме 

Амерыканец стаў рэктарам Папскага ўніверсітэта

А. Томас Джозэф Уайт, амерыканскі дамініканін, быў прызначаны рэктарам Папскага ўніверсітэта св. Тамаша Аквінскага ў Рыме. 14 верасня 2021 г. ён зменіць на пасадзе паляка, а. Міхала Палюха.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Уайт перайшоў у каталіцкую веру ў каледжы. Перад тым, як у 2003 г. уступіць у Ордэн Дамініканаў, ён абараніў дактарат па тэалогіі ў Оксфардскім універсітэце. Святарскае пасвячэнне атрымаў у 2008 г. У 2018 г. прыехаў у Рым пасля дзесяці гадоў працы выкладчыкам тэалогіі ў Дамініканскім доме даследаванняў у Вашынгтоне. Законнік, які нарадзіўся ў Джорджыі, з'яўляецца музыкантам і адным з заснавальнікаў амерыканскага фолк-блюзавага гурта The Hillbilly Thomists, дзе спявае і грае на банджа і цымбалах.

У Папскім універсітэце св. Тамаша Аквінскага навучаюцца каля 1000 студэнтаў з амаль 100 краін свету. Пасля свайго прызначэння а. Уайт заявіў, што “Angelicum – гэта ўніверсітэт, які прысвяціў сябе паўсюднай місіі Касцёла. Грунтуючыся на дамініканскай традыцыі гармоніі паміж верай і розумам, ВНУ імкнецца развіваць больш глыбокае разуменне хрысціянства і дактрынальнага жыцця Касцёла, у пастаяннай дыскусіі з традыцыяй філасофіі, права і сацыяльнай дактрыны”.

Новы рэктар з'яўляецца членам Папскай акадэміі св. Тамаша Аквінскага і аўтарам некалькіх кніг.
 

11 чэрвеня 2021, 11:21