Кардынал Райнэр Марыя Вёльке, арцыбіскуп Кёльнскі Кардынал Райнэр Марыя Вёльке, арцыбіскуп Кёльнскі 

Апостальская візітацыя пройдзе ў Кёльнскай архідыяцэзіі

Папа распарадзіўся правесці Апостальскую візітацыю ў Кёльнскай архідыяцэзіі ў Германіі. Яна будзе тычыцца праверкі сітуацыі ў справе барацьбы з сексуальнымі злоўжываннямі.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Візітацыю правядуць шведскі кардынал Андэрс Арбарэліюс, пастыр Стакгольмскай дыяцэзіі, і біскуп Ёганэс ван дэр Гендэ, пастыр Ратэрдамскай дыяцэзіі і старшыня Канферэнцыі Біскупаў Нідэрландаў.

Апостальская нунцыятура ў Германіі паведаміла, што ў першай палове чэрвеня пасланнікі Святога Пасаду павінны будуць пазнаёміцца з агульнай душпастырскай сітуацыяй у Кёльнскай архідыяцэзіі, а ў той жа час прааналізаваць магчымыя памылкі, дапушчаныя яе пастырам, кардыналам Райнэрам Марыя Вёльке, арцыбіскупам Гамбургскім Стэфанам Гесэ, а таксама дапаможнымі біскупамі Кёльнскай архідыяцэзіі Дамінікусам Швадэрлапам і Ансгарам Пуфам, у пытаннях, звязаных са злоўжываннямі сексуальнага характару.

Рашэнне аб візітацыі было прынята пасля абнародавання 18 сакавіка 2021 г. “Незалежнай справаздачы адносна барацьбы супраць злоўжыванняў сексуальнага характару ў Кёльнскай архідыяцэзіі”, якую на замову кардынала Вёльке падрыхтавала юрыдычная кампанія Gercke & Wollschläger. Дакумент аб’ёмам у больш чым 800 старонак, ахоплівае перыяд з 1975 па 2018 гг., і быў створаны з мэтай выяўлення магчымых занядбанняў і парушэнняў, а таксама ўстанаўлення адказных. У ім гаворыцца пра 314 пацярпелыя асобы, з якіх усе акрамя адной былі непаўналетнімі, а таксама пра 212 вінаватых, амаль дзве трэці з якіх – прадстаўнікі духавенства.

“Я з прыхільнасцю прымаю той факт, што Папа жадае шляхам Апостальскай візітацыі даць асабістую адзнаку незалежнаму даследаванню і яго высновам. З поўнай перакананасцю буду падтрымліваць кардынала Арбарэліюса і біскупа Ван дэр Гендэ ў іх працы. Прымаю ўсё тое, што паслужыць аб’ектыўнай пераправерцы”, - падкрэсліў кардынал Райнэр Марыя Вёльке.
 

29 мая 2021, 08:18