Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Тыдзень у Беларусі – важнае

Найбольш значныя падзеі, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем увазе самае цікавае з жыцця беларускіх католікаў.

Урачыстую Імшу падзякі за 30-годдзе адраджэння структур Касцёла ў Беларусі ўзначаліў арцыбіскуп Антэ Ёзіч, Апостальскі нунцый у Беларусі. Яна прайшла ў нядзелю 18 красавіка 2021 г. у мінскай катэдры. “Я вельмі рады, што магу ўпершыню ўзначаліць цэлебрацыю св. Імшы на беларускай мове і маліцца за вас і за вашыя сем’і”, - сказаў прадстаўнік Папы. Ён назваў Касцёл у Беларусі евангельскай закваскай, якая паступова перамяняе і аднаўляе ў Хрысце ўсё беларускае грамадства. “Няхай гэты адданы і верны Божы народ узрастае пад Матчыным заступніцтвам Найсвяцейшай Панны Марыі Будслаўскай і будзе захаваны ад усялякага зла пад магутнаю абаронаю святога Арханёла Міхала, нябеснага Апекуна Мінска-Магілёўскай касцёльнай правінцыі”, - пажадаў іерарх.

Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў парафіяльныя супольнасці ў Смаргоні. 18 красавіка ў касцёле святога Міхала Арханёла ардынарый удзяліў сакрамэнт хрысціянскай сталасці 71 верніку. Св. Імша цэлебравалася на палявым алтары – з-за эпідэміялагічнай сітуацыі. У гаміліі біскуп падкрэсліў значэнне сакрамэнту канфірмацыі ў жыцці кожнага чалавека. Паводле яго, гэты сакрамэнт патрэбны чалавеку, каб быць сведкам Уваскрослага Пана ў сённяшнія цяжкія часы, калі неабходныя сапраўдныя вызнаўцы Хрыста.

У той жа дзень біскуп Аляксандр Кашкевіч наведаў парафіяльную супольнасць св. Яна Паўла ІІ у Смаргоні, дзе актыўна вядзецца будаўніцтва новага касцёла. У парафіяльнай капліцы іерарх удзяліў вернікам, якія сабраліся на малітве, благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам на заканчэнне адарацыі. Затым пастыр Касцёла на Гродзеншчыне накіраваўся на будоўлю. Там пробашч парафіі кс. Яўген Учкуроніс азнаёміў іерарха з этапамі будаўніцтва касцёла, сцены якога паступова ўзводзяцца дзякуючы дапамозе Бога і матэрыяльнай падтрымцы парафіян і людзей добрай волі. Біскуп пажадаў пробашчу і ўсёй парафіяльнай супольнасці працягваць з Божай дапамогай гэтую справу, узводзячы святыню, так патрэбную вернікам Смаргоні.

У Мінску і Іўі каталіцкія вернікі прынялі ўдзел ў незвычайных акцыях. У райцэнтры на Гродзеншчыне ў суботу 17 красавіка з удзелам прадстаўнікоў розных веравызнанняў заклалі Сад сяброўства. Алеі высаджвалі мясцовыя жыхары, кіраўніцтва івейскіх адукацыйных устаноў, прадстаўнікі мясцовай улады і тутэйшых рэлігійных супольнасцяў, у тым ліку каталіцкі святар.

Таксама ў суботу на цвінтары касцёла Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) у Мінску з’явілася бэзавая алея ў гонар медыкаў Беларусі, якія памерлі ад каранавірусу. Вернікі разам з пробашчам парафіі ксяндзом канонікам Юрыем Санько арганізавалі талаку, падчас якой пасадзілі 100 кустоў бэзу. Гэтая лічба невыпадковая: прыкладна столькі ўрачоў і медработнікаў аддалі сваё жыццё, рупліва служачы хворым у час каранавіруснай пандэміі. Парафіяльная супольнасць моліцца за памерлых медработнікаў, а таксама мае надзею, што разам з водарам квітнеючага бэзу будзе жыць і памяць пра сапраўдных герояў нашага часу, якія выратавалі тысячы жыццяў коштам уласнага жыцця.

Падрыхтавана паводле catholic.by, grodnensis.by і ўласнай інфармацыі.
 

24 красавіка 2021, 10:15