Сімвалічная перадача старшынства Германіі ў ЕС Сімвалічная перадача старшынства Германіі ў ЕС 

Экуменічны заклік да еўрапейскай салідарнасці

З нагоды пачатку старшынства Германіі ў Савеце Еўрапейскага Саюза Каталіцкі Касцёл і Пратэстанцкія Цэрквы гэтай краіны заклікалі да большай салідарнасці ў Еўропе.

“Будучыня Еўропы, нашага супольнага дому, павінна будавацца з пачуццём адказнасці за еўрапейскую салідарнасць”, - напісалі ў сумесным паведамленні старшыня Канферэнцыі Біскупаў Германіі, біскуп Георг Бетцынг, і старшыня Рады Евангельскай Цэрквы Германіі, епіскап Генрых Бэдфорд-Штром.

Дакумент называецца “Еўропа – гэта будучыня”. Спасылаючыся на дэвіз старшынства Германіі ў ЕС – “Сумесна. Зробім Еўропу зноў моцнай” – рэлігійныя лідары заявілі, што цяпер, як ніколі раней, трэба паўстаць на “сумесны шлях” у будучыню. Яны падкрэслілі, што толькі “аб’яднаная Еўропа” можа пераадолець грамадскія, эканамічныя і сацыяльныя наступствы пандэміі каронавіруса.

“Нікому ніколі яшчэ не дапамаглі ўласныя нацыянальныя ініцыятывы, эгаізм і ўзаемныя абвінавачванні”, - напісалі прадстаяцелі. Яны патлумачылі, што трэба мужна адказаць на супольныя праблемы ў духу еўрапейскай салідарнасці. Нямецкія іерархі запэўнілі, што Цэрквы будуць працягваць выконваць ролю “голасу грамадства”, не выпускаючы з поля зроку яго самых слабых членаў і праблемы навакольнага асяроддзя.

Сярод прыярытэтатаў старшынства Германіі ў Еўрасаюзе падпісанты ўзгадалі рэформу еўрапейскай сістэмы прадстаўлення прытулку мігрантам і бежанцам, умацаванне вяршэнства закону, пашырэнне выкарыстання лічбавых тэхналогій і пераадоленне сацыяльнай няроўнасці.

Германія пачала шасцімесячнае старшынства ў Еўрапейскім Саюзе 1 ліпеня 2020 г. У планах – пераадоленне наступстваў пандэміі каронавіруса і эканамічнага крызісу, выкліканага ім; будаванне Еўропы моцнай і інавацыйнай, справядлівай, устойлівай, Еўропы бяспекі і супольных каштоўнасцей, дзеяздольнага Еўрасаюз для партнёрскага і заснаванага на правілах міжнароднага парадку.
 

02 ліпеня 2020, 14:06