Бэнэдыкт XVI і Георг Ратцынгер Бэнэдыкт XVI і Георг Ратцынгер 

Адышоў у вечнасць брат Бэнэдыкта XVI

1 ліпеня 2020 г. у 96-гадовым узросце памёр кс. Георг Ратцынгер, брат Папы-эмерыта Бэнэдыкта XVI. Ён адышоў у вечнасць у нямецкім Рэгенсбургу, дзе правёў большую частку свайго жыцця.

18 чэрвеня Папа-эмерыт здзейсніў візіт у Германію, каб адведаць свайго цяжкахворага брата. Ён прабыў на Радзіме пяць дзён, пасля чаго вярнуўся ў Ватыкан.

Георг Ратцынгер нарадзіўся ў 1924 г. З маленства захапляўся музыкай. Ва ўзросце 11 гадоў пачаў граць на аргане ў парафіяльным касцёле. У 1947 г., заўсёды звязаныя паміж сабой, два браты Ратцынгеры разам паступілі ў духоўную сенірарыю. Атрымалі святарскае пасвячэнне ў адзін і той жа дзень, 29 чэрвеня 1951 г. у катэдры Фрайзінга. На працягу 30-ці гадоў, з 1964 па 1994 г. кс. Георг Ратцынгер быў кіраўніком хора катэдральнага касцёла ў Рэгенсбургу “Regensburger Domspatzen”.

Узаемная сувязь Бэнэдыкта XVI і яго брата заўсёды заставалася трывалай нават у сталым узросце. Доказам гэтага з’яўляюцца, у прыватнасці, шматлікія візіты Георга Ратцынгера ў Ватыкан з 2005 г. па 2013 г., у гады пантыфікату свайго брата і пасля яго адстаўкі.

Калі ў 2008 г. горад Кастэль-Гандольфа прапанаваў ганаровае грамадзянства яго брату, Бэнэдыкт XVI сказаў: “З самага нараджэння мой брат быў для мяне не толькі сябрам, але і надзейным правадніком. Дзякуючы сваім ясным і цвёрдым рашэнням ён заўсёды заставаўся для мяне маяком і арыенцірам”.
 

01 ліпеня 2020, 12:32