civilita cattolicaAEM.jpg

З’явілася кітайская версія папулярнага каталіцкага часопіса

Папулярны італьянскі каталіцкі часопіс “La Civiltà Cattolica” выпусціў версію на спрошчанай кітайскай мове (公教 文明, Gōngjiào wénmíng), прымеркаваўшы гэта да свайго 170-годдзя.

Электронны варыянт мае чатыры раздзелы: “Навіны”, “Свет”, “Хрысціянскія разважанні” і “Культура”. Новы партал звязаны з акаўнтам часопіса на кітайскай камунікацыйнай платформе WeChat (ідэнтыфікацыйны код – gjwm1850).

Праект павітаў Дзяржсакратар Яго Святасці Папы. У сваім пасланні з гэтай нагоды кардынал Пьетра Паралін выказаў пажаданне, каб ён паслужыў “напісанню новых старонак – плёнаў сяброўскай сустрэчы з багатымі традыцыямі кітайскага народа”. Іерарх таксама спадзяецца, што кітайскае выданне часопіса Таварыства Езуса “зможа стаць трывалым інструментам узаемнага культурнага і навуковага ўзбагачэння для ўсіх людзей у іх пошуках прыгажосці і праўды”, а яго нязменнай мэтай будзе “супрацоўніцтва ў стварэнні сапраўднай цывілізацыі адкрытага дыялогу і трывалага міру паміж усімі народамі свету”.

20 красавіка 2020, 12:59