Кася Растоцкая - рэжысёр фільма “Касцёл на Крыжы” Кася Растоцкая - рэжысёр фільма “Касцёл на Крыжы” 

Фільм пра пераслед Касцёла ў Беларусі перамог на кінафестывалі

Беларускі фільм “Касцёл на Крыжы” перамог на прэстыжным кінафестывалі. Стужка распавядае пра вернікаў і святароў у перыяд камуністычных ганенняў на Каталіцкі Касцёл у Беларусі.

У намінацыі гістарычных дакументальных фільмаў на ХХХІV Міжнародным каталіцкім фестывалі кіно і мультымедыя ў Варшаве беларускай стужцы прысудзілі першае месца, паведаміла Беларускай службе Vatican News рэжысёр Кася Растоцкая.

Дакументальная стужка тэлеканала “Белсат” складаецца з дзвюх серый і распавядае пра людзей у перыяд камуністычных ганенняў на Каталіцкі Касцёл у Беларусі. Першая серыя фільму расказвае пра лёсы святароў, а другая – пра трагічную гісторыю святыняў. Агулам фільм складаецца з дзевяці гісторый. Здымкі праходзілі ў Гродзенскай і Мінскай абласцях, бо гэтыя тэрыторыі адносіліся да Заходняй Беларусі. Там захаваліся жывыя сведкі, якія памятаюць, як адбываліся рэпрэсіі, і як людзі баранілі свае касцёлы.

“Праз фільм мы паказваем перш за ўсё тое, дзе ў чалавеку знаходзіцца мяжа, за якой звычайная асоба робіцца героем. І высветлілася, што простыя людзі голымі рукамі баранілі свае святыні, калі бальшавікі спрабавалі іх забраць. Яны клаліся пад трактары, закрывалі сабой дзверы касцёлаў”, - распавяла рэжысёр.

Міжнародны каталіцкі фестываль кіно і мультымедыя арганізуецца Асацыяцыяй каталіцкага кіно св. Максіміліяна Марыя Кольбэ. Гэта адзін з самых аўтарытэтных каталіцкіх кінафестываляў.

Навіна ў фармаце аўдыё
24 верасня 2019, 12:49