Каталіцкая дэлегацыя з візітам у Маскоўскім Патрыярхаце Каталіцкая дэлегацыя з візітам у Маскоўскім Патрыярхаце 

Адукацыйны праект для католікаў рэалізуе Маскоўскі Патрыярхат

Летні інстытут для прадстаўнікоў Каталіцкага Касцёла арганізаваў Маскоўскі Патрыярхат. Ён праходзіць з 23 жніўня па 1 верасня 2019 г. на базе агульнацаркоўнай аспірантуры і дактарантуры.

Адукацыйная ініцыятыва рэалізуецца ў рамках акадэмічнага і гуманітарнага супрацоўніцтва Маскоўскага Патрыярхату і Святога Пасаду пры падтрымцы Фонду “Рускі свет” і каталіцкага дабрачыннага фонду “Urbi et Orbi”.

26 жніўня 2019 г. удзельнікі Летняга інстытута наведалі Аддзел знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату. З імі сустрэліся старшыня Аддзела і рэктар агульнацаркоўнай аспірантуры і дактарантуры імя святых роўнаапостальных Кірылы і Мятода, Мітрапаліт Валакаламскі Іларыён. Падчас сустрэчы ён распавёў пра гісторыю і кірункі працы ўзначаленага ім Аддзела, пра актуальны стан стасункаў з Каталіцкім Касцёлам, адказаў на шматлікія пытанні, - паведамляе сайт гэтай структуры Маскоўскага Патрыярхату.

Група наведала Новаспаскі стаўрапігіяльны мужчынскі манастыр, дзе іх вітаў Епіскап Васкрасенскі Дыянісій, першы вікарый Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі.

Удзельнікі дэлегацыі таксама азнаёміліся з дзейнасцю Сінадальнага аддзела па ўзаемаадносінах Царквы з грамадствам і СМІ, а затым наведалі Сінадальны аддзел па царкоўнай дабрачыннасці і сацыяльным служэнні.

“Кожны раз, калі я сюды прыязджаю, мяне захапляе, як тут усё развіваецца, якога поспеху вы дамагаецеся ў кароткі час. Спадзяюся, што мы будзем супрацоўнічаць, таму што міласэрнасць – гэта ніва для ўзаемадзеяння паміж нашымі Цэрквамі, і можа быць, лепшы спосаб нашага збліжэння”, - сказаў супрацоўнік Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству, айцец Іякінф Дэсцівэль.

Навіна ў фармаце аўдыё
31 жніўня 2019, 11:38