Vatican News
Папа падчас сустрэчы з карэннымі народамі Амазоніі ў Перу Папа падчас сустрэчы з карэннымі народамі Амазоніі ў Перу 

Сінод па Амазоніі – выраз увагі Касцёла да карэнных народаў

Сінод Біскупаў па Панамазонскім рэгіёне – сведчанне ўвагі Касцёла да праблем карэнных народаў і навакольнага асяроддзя, падкрэсліў кардынал Пэдра Барэта Хімэна, пастыр дыяцэзіі Гуанкаё ў Перу.

У артыкуле, апублікаваным на старонках італьянскага каталіцкага часопісу “La Civiltà Cattolica”, намеснік старшыні Панамазонскай касцёльнай сеткі (Repam) заўважыў, што адной з мэтаў Сінода Біскупаў, які пройдзе ў Ватыкане ў кастрычніку, з’яўляецца пошук шляхоў дапамогі народам, якія пражываюць на шырокай і важнай тэрыторыі Амазоніі, жыць з годнасцю і глядзець у будучыню з даверам.

Сінод па Амазоніі, а больш шырока, місія Касцёла на гэтай тэрыторыі, гэта выраз вялікай увагі да жыцця народаў і супольнасцей, якія там пражываюць, падкрэсліў перуанскі кардынал.

“Прысутнасць Касцёла не можа ніякім чынам разглядацца як пагроза стабільнасці ці суверэнітэту асобных краін. Больш за тое, па сутнасці, гэта прызма, гледзячы праз якою магчыма выявіць слабыя месцы ў дзейнасці дзяржаў, грамадстваў, перад абліччам тэрміновых сітуацыі...”, - дадаў ён.

Кардынал Пэдра Барэта Хімэна
Кардынал Пэдра Барэта Хімэна

Кардынал Барэта заўважыў, што Амазонія, акрамя таго, што з’яўляецца тэрыторыяй з найбольшай біяразнастайнасцю ў свеце, гэта таксама месца, у якім існаванню шматлікіх культур пагражае эканамічная мадэль, што бачыць перад сабой толькі атрыманне выгады. Ён нагадаў, што большасць краін рэгіёну падпісала міжнародныя канвенцыі аб абароне правоў карэнных народаў і ахове навакольнага асяроддзя. Касцёл прагне дапамагаць у выкананні гэтай місіі.

Зямля для індзейскіх народаў Амазоніі – гэта не эканамічны рэсурс, але дар Бога і продкаў, якія ў ёй спачуваюць, сакральнае месца, з якім яны маюць патрэбу ўзаемадзейнічаць, каб захоўваць сваю тоеснасць і каштоўнасці. У той жа час, іх часта прымушаюць пакідаць сваю тэрыторыю або эксплуатуюць яе, не звяртаючы ўвагі на тую шкоду, якая наносіцца іх культуры і навакольнаму асяроддзю, зазначыў іерарх.

У амазонскім рэгіёне размешчаны дзевяць краін: Балівія, Бразілія, Калумбія, Эквадор, Перу, Венесуэла, Сурынам, Гаяна і Французская Гвіяна. На іх тэрыторыі пражывае каля 34 мільёнаў чалавек, з якіх каля 2,8 мільёнаў – прадстаўнікі карэнных народаў. Тут сканцэнтравана 20% зямных запасаў незамарожанай прэснай вады, 34% старажытных лясоў планеты, каля 40% сусветнай флоры і фауны.

Спецыяльная Асамблея Сінода Біскупаў па Панамазонскім рэгіёне пройдзе ў Ватыкане з 6 па 27 кастрычніка 2019 г. Яе тэма: “Амазонія – новыя шляхі для Касцёла і для інтэгральнай экалогіі”. Удзел у форуме возьмуць каля ста мясцовых біскупаў, а таксама каталіцкія іерархі з розных рэгіёнаў свету, якія прадстаўляюць увесь каталіцкі епіскапат.

Навіна ў фармаце аўдыё
18 ліпеня 2019, 13:56