Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Вялікая Субота: дзень цішыні і малітоўнага чакання

Вялікая Субота – гэта дзень паміж болем з-за смерці Езуса і радасцю ад Яго ўваскрасення. У касцёлах не праводзіцца літургія, пануе цішыня, засяроджанасць, разважанне і чаканне.

Вялікая Субота – гэта дзень своеасаблівага “крызісу” Божага Слова: тэксты Евангелляў нічога пра яго не апавядаюць; можам толькі ўявіць, што ў гэты дзень цела Езуса заставалася ў магіле, а Апосталы, з улікам таго, што для яўрэяў гэта быў дзень адпачынку, прабывалі ў няведанні адносна таго, што будзе далей.

У пэўным сэнсе, Вялікую Суботу як дзень цішыні і чакання аднавіла літургічная рэформа папы Пія XII. З тых часоў Касцёл заахвочвае кожнага хрысціяніна прысвяціць гэты дзень асабліваму разважанню над смерцю Езуса і немінучасцю ўласнай смерці. Гэта час, калі нашая вера падвяргаецца выпрабаванню: Збаўца памёр, і невядома, чаго чакаць далей, – застаецца толькі жыць з надзеяй, што пустэча, якую адчуваем, будзе нанова запоўненая.

Тым не менш, нават калі ўсё навокал прабывае ў цішыні, Езус дзейнічае. Згодна з старажытнай традыцыяй, у гэты дзень Ён сыходзіць да адхлані, дзе сустракае Адама – сімвал усяго чалавецтва, абуджае яго і абвяшчае збаўленне, з якога ніхто не выключаны. Тым самым Божы Сын нібы пракладвае мост паміж магілай і Божым Валадарствам. Сваёй смерцю на крыжы Ён перамог смерць.

Ужо каля трыццаці гадоў Вялікая Субота перажываецца таксама як дзень, у які, згодна з візантыйскай традыцыяй, адзначаецца Час Маці. Гэта дзень засяроджанасці на вобразе Марыі, у якой там, пад Крыжам Езуса, увасобіліся і злучыліся боль і вера, і менавіта з Яе болю і веры нарадзіўся Касцёл. Пачынаючы з абвешчанага Марыйным 1987 года, набажэнства ў гонар Маці Божай Балеснай праводзіцца штогод у Вялікую Суботу ў рымскай базыліцы Санта-Марыя-Маджорэ.

20 красавіка 2019, 13:44