Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Падрабязнасці візіту Папы ў Паўночную Македонію

Францішак мае велікае жаданне наведаць Паўночную Македонію, падкрэсліў біскуп Кіра Стаянаў, пастыр дыяцэзіі Скоп’е і Македонскай Грэка-Каталіцкай Царквы.

У інтэрв'ю для Vatican News іерарх зазначыў, што візіт Святога Айца ў Македонію, які адбудзецца 7 мая 2019 г., цалкам адпавядае яго імкненню наведваць Касцёлы, што знаходзяцца на перыферыі.

“Яго візіт сюды будзе дастаткова кароткім – усяго адзін дзень, – але вельмі насычаным. Запланавана шмат сустрэч. У першую чаргу, згодна з пратаколам, ён сустрэнецца з кіраўніцтвам дзяржавы; затым – з рэлігійнымі лідэрамі Паўночнай Македоніі – кіраўнікамі Цэркваў і рэлігійных супольнасцей”, - нагадаў біскуп Стаянаў.

Пастыр патлумачыў, што гаворка ідзе пра каталіцкую, праваслаўную, ісламскую, юдэйскую і метадысцкую супольнасці. Сустрэча адбудзецца ў Мемарыялы Маці Тэрэзы ў Скоп’е – месцы дзе нарадзілася знакамітая святая. “Я думаю, што яно вельмі падыходзіць для правядзення сустрэчы ў духу харызмату Маці Тэрэзы, якая любіла ўсе народы”, - сказаў іерарх.

Біскуп паўночна-македонскіх католікаў, нагадаў, што наступным пунктам візіту Папы ў краіну стане сустрэча з беднымі, аб якіх клапоцяцца Місіянеркі Божай Любові – манахіні з супольнасці, якая была застанавана менавіта Маці Тэрэзай.

Кульмінацыяй візіту стане св. Імша, якую Францішак будзе цэлебраваць на галоўнай плошчы сталіцы Паўночнай Македоніі. Потым адбудуцца яшчэ дзве сустрэчы: з моладдзю розных канфесій і рэлігій, а таксама з духавенствам.

“Хачу распавесці цікавы факт: на гэтай сустрэчы будуць прысутнічаць святары лацінскага абраду, а таксама святары ўсходняга абраду, разам з членамі сваіх сем’яў, таму што большасць з іх жанатыя. Такім чынам Папа сустрэнецца з іх сем’ямі. Адзін са святароў усходняга абраду дасць сведчанне менавіта як жанаты святар, які мае сям’ю, а таксама з’яўляецца адказным за сваю парафію і вернікаў”, - сказаў біскуп Стаянаў.

Іерарх падзяліўся, што Касцёл у Паўночнай Македоніі актыўна супрацоўнічае з іншымі канфесіямі і рэлігіямі. “Мы стварылі міжрэлігійную раду і часта сустракаемся паміж рэлігійнымі лідэрамі. Калі я распавёў пра візіт Яго Святасці, усе былі згодныя і падтрымалі нас, дзякуючы Богу за візіт Папы, бо ён прынясе супакой і благаслаўленне нашай краіне”, - заўважыў пастыр.

У Паўночнай Македоніі католікі складаюць менш за 1% насельніцтва - каля 20 тыс. чалавек. 15 тыс. з іх – гэта вернікі усходняга абраду, і каля 5 тыс. – лацінскага.

Навіна ў фармаце аўдыё
24 красавіка 2019, 13:24