Бл. Марыяна Мулерата-І-Сольдэвіла Бл. Марыяна Мулерата-І-Сольдэвіла 

Папа пра новага благаслаўлёнага – галаву сям'і, урача, мучаніка

Святы Айцец адзначыў важнасць сведчання бл. Марыяна Мулерата, урачыстая беатыфікацыя якога прайшла 23 сакавіка 2019 г. у іспанскім горадзе Тарагона.

Францішак падкрэсліў, што новы благаслаўлёны, які быў галавой сям’і і ўрачом, “клапаціўся пра фізічныя і маральныя пакуты братоў”, а сваім жыццём і мучаніцтвам даў сведчанне “прыярытэту міласэрнай любові і прабачэння”.

“Няхай ён заступаецца за нас і дапамагае нам крочыць шляхамі любові і братэрства, нягледзячы на цяжкасці і патрасенні”, - пажадаў Пантыфік.

Бл. Марыяна Мулерата-І-Сольдэвіла быў урачом у іспанскім горадзе Арбека, а на працягу некалькіх гадоў нават яго мэрам. Ён заснаваў і выдаваў газету на каталонскай мове, быў глыбока веруючымі і ініцыятыўным чалавекам, прымаў актыўны ўдзел у жыцці Касцёла, дапамагаў хворым і бедным, быў узорным мужам і бацькам.

Падчас грамадзянскай вайны ў Іспаніі быў арыштаваны баевікамі-рэспубліканцамі і растраляны 13 жніўня 1936 г. разам з пяццю іншымі асобамі. Будучаму благаслаўлёнаму тады было 39 гадоў.

У лістападзе 2018 г. Францішак ухваліў дэкрэт Кангрэгацыі па справах кананізацыі аб прызнанні Марыяна Мулерата мучанікам. Беатыфікацыю ўзначаліў прэфект гэтай ватыканскай дыкастэрыі, кардынал Аджэла Бэчу.

Навіна ў фармаце аўдыё
24 сакавіка 2019, 12:12