Vatican News
Пульт аргана ў лельчыцкім касцёле Пульт аргана ў лельчыцкім касцёле 

Першы на Гомельшчыне механічны арган з’явіўся ў Лельчыцах

У касцёле Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса і Маці Божай Фацімскай у Лельчыцах з'явіўся механічны арган. Інструмент прывезлі з Варшавы, а наладзіць дапамаглі спецыялісты з Вільнюса.

Гэта першы падобны інструмент на тэрыторыі Гомельскай вобласці. Упершыню ён загучыць у нядзелю, 20 студзеня 2019 г., падчас св. Імшы, а затым, на канцэрце арганнай музыкі. Творы Баха, Рэгера, Месіяна і іншых вядомых кампазітараў выканае літоўскі арганіст Аляксандр Ісакаў. Разам з майстрам Бярнардам Тэрменам яны прыехалі з Вільні, каб наладзіць інструмент у Лельчыцах.

Арган даставілі з Варшавы, распавёў Беларускай службе Vatican News пробашч парафіі, кс. Віталь Мысонаў. Неяк разбіраючы рэчы, ён знайшоў абраз святой Цэцыліі, апякункі касцёльнай музыкі, павесіў у святыні і папрасіў вернікаў маліцца, каб святая дапамагла набыць арган. Праз некалькі месяцаў лельчыцкі пробашч наведваў Вільню, і пасля св. Імшы да яго падышоў арганіст мясцовага касцёла Бернард Тэрмен і прапанаваў знайсці інструмент для палескіх католікаў.

“Я кажу, што не магу заплаціць, бо гэта каштоўная рэч. Але ён паабяцаў знайсці арган бясплатна, бо ў Польшчы цяпер замаўляюць новыя інструменты, а старыя разбіраюць. Прайшло каля года, і мне патэлефанавалі: арган знойдзены. Інструмент трэба было рэканструяваць і даставіць праз мяжу – Пан Бог блаславіў на гэта праз заступніцтва св. Цэцыліі”, - распавёў святар.

Лельчыцкі арган складаецца з 900 труб, мае 14 галасоў – яго можна ахарактарызаваць як канцэртна-літургічны. Інструменту 60 гадоў, ён высокай якасці. Зараз завяршаюцца працы па мантажы аргана. Напярэдадні, пры наладзе, парафіяне ўжо пачулі, як гучыць інструмент. “Вернікі былі вельмі ўражаныя. Казалі, як быццам Пан Бог з Неба прамовіў!”, - падзяліўся пробашч.

У парафіі маюць намер вучыць уласнага арганіста, а пакуль на інструменце будуць граць школьнікі з касцёла, якія атрымалі музычную адукацыю. Дарэчы, усіх бацькоў у парафіі пробашч заклікае аддаваць сваіх дзяцей у музычную школу, і амаль усе з іх там вучацца.

Цікава, што продкі маэстра Бернарда Тэрмена, які знайшоў і наладзіў арган, звязаныя з Беларуссю. Дзядуля музыканта быў арганістам у Слугі Божага Зыгмунта Лазінскага, біскупа Мінскага і Пінскага.

Сімвалічна, што сёлета лельчыцкая рыма-каталіцкая парафія адзначыць 110-годдзе. Падчас святкавання новы інструмент касцёла будзе асвечаны біскупам. Дарэчы, у першым касцёле ў Лельчыцах орган таксама быў – але ён згарэў разам з будынкам храма ў 1943 г.

Навіна ў фармаце аўдыё
18 студзеня 2019, 15:10